Антон Астаповіч: Курапаты трэба пакінуць у спакоі


І засяродзіцца цяпер на стварэнні там інфраструктуры, лічыць эксперт.

«Пакуль не будзе прыняты прымальны для ўсіх слаёў грамадства архітэктурны канцэпт, трэба мінімальна ўздзейнічаць мемарыялам і максімальна – пакінуць тое, што там ужо зроблена», – кажа ў эфіры «Белсату» кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

На думку Антона Астановіча, сітуацыю з Курапатамі трэба адсочваць пастаянна. «Вакол іх небяспека будзе вісець у паветры заўсёды – невядома, дзе паўстане новая «лінія фронту». Па адной простай прычыне: сістэмна не працуе заканадаўства, – кажа адмысловец. – Пакуль яно не выконваецца, гэта будзе пагражаць і Курапатам, і іншым помнікам».

«Немалаважны фактар – стварэнне ў Курапатах інфраструктуры», – лічыць Астаповіч.

У межах ахоўных зонаў цяпер трэба думаць пра стварэнне музейнага інфармацыйнага цэнтру, нармальных пад’ездаў для абслугоўвання гэтай тэрыторыі ды, элементарна, туалетаў.

Якім павінен быць мемарыял у Курапатах – народны і афіцыйны – Антон Астаповіч разважае ў размове з Уладзімірам Мацкевічам.