Асноўная версія забойства ў Лондане – псіхічныя праблемы нападніка


Сёння зранку жыхары Лондану пабачылі на вуліцах больш паліцыянтаў, чым звычайна: гэта рэакцыя на здарэнне, якое адбылося ўвечары 3 жніўня, калі нарвежац самалійскага паходжання забіў амерыканку і параніў яшчэ пяць чалавек на плошчы Расл (Russel Square) у цэнтры брытанскай сталіцы.

«Гэта вельмі загружаная вобласць, яна адразу за станцыяй «Юстан». Кожны дзень праз яе праходзяць тысячы людзей. Я чуў у навінах раніцай, што паліцыя адрэагавала даволі хутка. Я хачу сказаць, што гэта дае адчуванне пэўнага камфорту. Але, так, я ў шоку», – кажа лонданец Кэл Строўд.

«Я гляджу на статыстыку – у цэнтры Лондану пастаянна каля двух мільёнаў асобаў. Калі забіваюць аднаго чалавека, шанец, што гэта буду я, вельмі малы. Гэта адзіная логіка, дзякуючы якой я магу па-ранейшаму пачувацца камфортна», – кажа лонданец Робэрт Бэрнз.

Першыя звесткі аб нападзе паліцыя Лондану атрымала каля паловы на адзінаццатую вечара паводле мясцовага часу. У выніку атакі маладзёна загінула шасцідзесяцігадовая жанчына. Яшчэ пяць асобаў атрымалі раненні.

«Я бачыў целы. Мы бачылі, як паліцыянты стаялі ўздоўж вуліцы са зброяй у руках. Як вы можаце бачыць, яны перакрылі ўсю вуліцу», – кажа турыст з Аўстраліі Гэры Грыфітс.

«Я выйшла з гатэлю па цыгарэты. Я стаяла і бачыла, як нехта, можа, некалькі чалавек, ляжыць на зямлі. Пасля прыехала паліцыя і хуткая дапамога», – дадае іншая сведка забойства.

Паліцыя арыштавала нападніка ўжо праз шэсць хвілінаў пасля першага паведамлення аб здарэнні. Пры затрыманні праваахоўнікі былі вымушаныя ўжыць электрашокер.

Ужо вядома, што нападнік прыехаў з Нарвегіі ў Вялікую Брытанію ў 2002 годзе – тады яму было пяць гадоў.

У паліцыі няма звестак пра тое, ці прытрымліваўся злачынец радыкальных поглядаў або ці быў звязаны з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Паводле асноўнай версіі, ён здзейсніў напад праз псіхічныя праблемы.

«Першыя прыкметы дазваляюць выказаць здагадку, што псіхічнае здароўе – важны фактар у гэтым выпадку, і гэта – адзін з асноўных кірункаў расследавання. Але, вядома, на гэтым этапе мы не можам выключаць іншыя матывы і, такім чынам, тэрарызм як матывацыя застаецца адным з кірункаў расследавання. Цяпер аддзел забойстваў расследуе інцыдэнт, але пры падтрыманні нашага аддзелу барацьбы з тэрарызмам», – заявіў сёння журналістам Марк Роўлі, намеснік кіраўніка Скотлэнд-Ярду.

Цяпер нападнік, імя якога пакуль не называецца, перабывае ў больніцы пад вартаю.

Лола Бурыева