Свет Асад разгортвае наступ на апазіцыю


З дапамогай расейскай зброі войска Башара Асада яшчэ больш узмацніла бамбаванне пазіцыяў паўстанцаў у Алепа.

У жылых кварталах Алепа цяпер заблакаваныя чвэрць мільёна чалавек, сярод якіх не ўсе змаглі знайсці сабе сховішча напярэдадні пачатку наземнай аперацыі, пра якую абвесціў Дамаск.

Верталёты асадаўскіх вайскоўцаў скідваюць на гарадскія вуліцы бочкі з-пад нафты, напханыя выбухоўкай. Сірыйскія і расейскія самалёты свядома накіроўваюць авіябомбы і ракеты на ратавальныя ўстановы. Сёння яны разбамбілі тры з чатырох цэнтраў грамадзянскай абароны.

«У пятніцу раніцай атакавалі цэнтр грамадзянскай абароны. Нас атакавалі тут, у цэнтры «Аль-АнсАры», і было больш за 25 налётаў. Тут былі ратаўнікі і пажарнікі. Чатыры аўтамабілі пашкоджаныя, а пажарныя машыны цяпер цалкам непрыдатныя. Таксама цалкам знішчаныя адна машына хуткай дапамогі і два аўтамабілі абслугоўвання», – кажа журналістам адзін з ратаўнікоў грамадзянскай абароны.

У такіх умовах немагчыма і бессэнсоўна працягваць перамовы аб замірэнні ў Сірыі між Расеяй і Злучанымі Штатамі, заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Керы ў Нью-Ёрку. Спыненне ўсіх авіяўдараў у раёне Алепа – галоўная ўмова для працягу мірнага дыялогу. План дзеянняў ёсць, але трэба яго трымацца.

«Вяртанне да спынення агню, узнаўленне паставак гуманітарнае дапамогі, ізаляцыя груповак «Ан-Нусра» і «Да’іш» ды пачатак перамоваў пад кіраўніцтвам Сірыі, якія маглі б забяспечыць шляхі выхаду з канфлікту і зрабілі б магчымым аднаўленне адзінай ды мірнай Сірыі. Мы па-ранейшаму абсалютна перакананыя, што тут няма ваеннага развязання», – заявіў дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Аднак прадстаўнік Масквы на перамовах па-ранейшаму кажа, што авіяцыя бамбардуе выключна тэрарыстычныя групоўкі.

«Былі спробы некаторых нашых партнёраў зрабіць так, каб толькі аднабаковыя крокі здзяйсняў [сірыйскі] ўрад, але мы настойваем, што крокі мусяць рабіць і апазіцыянеры», – кажа міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

У выніку аблогі ды бамбаванняў Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў не можа правесці ў Алепа грузавікоў з гуманітарнай дапамогай. Як паведамілі ў Жэневе, ААН шукае альтэрнатыўных шляхоў дастаўкі грузаў.

«Існуе вострая, тэрміновая неабходнасць выканання нормаў міжнароднага гуманітарнага права, якія прадугледжваюць, што падчас узброенага канфлікту цывільныя асобы мусяць быць абароненыя ад наступстваў вайны», – кажа Енс Лерке, прадстаўнік Управы каардынацыі гуманітарных пытанняў ААН.

Крохкае замірэнне скончылася ў панядзелак, калі авіяўдарам быў знішчаны гуманітарны канвой ААН і Чырвонага Паўмесяца. Расея і Сірыя адмаўляюць свой удзел у трагедыі, ды перакідаюць віну на Злучаныя Штаты. Аднак незалежная група даследчыкаў ваенных злачынстваў «Belling Cat» высветліла, што канвой абстралялі некіраванай аскепкава-фугаснай авіябомбай ОФАБ-250-270. На здымках з месца трагедыі відаць характэрны хваставы стабілізатар гэтай бомбы, якой няма на ўзбраенні НАТО. Пагатоў яе няма на амерыканскім беспілотніку «Predator», віну на які спрабавалі ўскласці ў Мінабароны Расеі. Затое ўжыванне авіябомбаў ОФАБ у Сірыі не раз дэманстравала расейскае тэлебачанне.

Яраслаў Сцешык

Глядзі таксама
Каментары