Не забіў, але з турмы не выйдзеш: жахлівы артыкул Крымінальнага кодэксу


Праваабаронцы патрабуюць адмены артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсць артыкул № 411, асуджаны паводле якога можа ніколі не выйсці на волю. За «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» у магілёўскай турме № 4 могуць пакараць Андрэя Бандарэнку.

Ён вядомы тым, што да 2014 года ўзначальваў праваабарончую ініцыятыву «Платформа», якая назірала за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі. У жніўні 2014 года суд прызнаў праваабаронцу вінаватым у хуліганстве і прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі. Выйсці на волю спадар Андрэй павінен быў у сакавіку налета. Але крымінальная справа, распачатая паводле ч. 2 арт. 411, можа падоўжыць ягонае зняволенне яшчэ на два гады.

Апытанне: што штурхае людзей да злачынства?

Паводле афіцыйнае статыстыкі, летась у Беларусі зарэгістравалі амаль 97 тысяч злачынстваў, да якіх былі датычныя 53 тысячы асобы. Паводле інфармацыі Міжнароднага цэнтру турэмных даследаванняў Беларусь знаходзіцца на 31-м месцы ў свеце паводле колькасці зняволеных: 314 зняволеных на 100 тысяч жыхароў. Мы запыталі ў мінакоў на вуліцах сталіцы: што штурхае людзей на злачынства?

Адабраны ў красавіку байк дагэтуль не аддаюць гаспадару

Праграма «Маю права» распавядала пра страшнае ДТЗ на сталічным праспекце Незалежнасці, якое адбылося сёлета ў красавіку. Тады байкер збіў інспектара ДАІ. Міліцыянта шпіталізавалі з цяжкімі траўмамі, паўтара месяца ён быў у коме. На наступны дзень пасля здарэння на дарогах пачалі масава правяраць матацыклістаў. Паводле байкераў, за адзін вечар канфіскавалі каля 30 «жалезных коней». Пасля некалькіх дзён транспартныя сродкі вярнулі гаспадарам, але Кірыл Засценскі ў спіс шчасліўцаў не трапіў. Ягоны байк дагэтуль на стаянцы РУУС. Праўда, яшчэ горш тое, што падчас экспертызы цалкам знішчылі ўнікальны серыйны нумар матацыклу, гэтак званы він-код.

Двойчы адмовілася ад працы, да якой не даехаць або заробак малы? Сама вінаватая

На пачатку двухтысячных Ніна Юзэпчык пераехала з Украіны ў Калінкавічы. Шэсць гадоў таму яна з двума дзецьмі пасялілася ў вёсцы Новая Дуброва на Гомельшчыне. Працавала ў калгасе і ў прыватнай гаспадарцы. Страціўшы працу, стала на біржу. Цягам года ёй прапанавалі некалькі варыянтаў, ад якіх жанчыне давялося адмовіцца. Адно месца працы было за 15 кіламетраў ад дому, у другім ёй паабяцалі заробак 80 рублёў, на якія пражыць з двума дзецьмі немагчыма. Калі асоба двойчы адмаўляецца ад прапанаванага месца, то, паводле закону, яе здымаюць з уліку на біржы, і тады яна можа папоўніць шэрагі ўтрыманцаў.

Як з дапамогаю медыяў людзі вярнулі сабе цывілізаванае жыццё

Жыхары сталічнага шматпавярховіку праз аварыю на некалькі дзён засталіся без вады і каналізацыі. Увесь гэты час людзі безвынікова звярталіся да раённых камунальнікаў і кіраўніцтва, тэлефанавалі ў аварыйныя службы ды «гарачыя» лініі. Аднак ніхто не спяшаўся на дапамогу жыхарам, ім раілі пацярпець яшчэ некалькі дзён, пакуль адказныя асобы шукаюць субпадрадніка дзеля ліквідацыі наступстваў аварыі. Тады людзі звярнуліся па дапамогу ў… медыі. І тут адбыўся цуд. Ужо на наступны дзень пад домам заварушыліся працаўнікі, аднекуль адразу знайшліся і сілы, і сродкі.