Арменія. Выбары як кропка ў рэвалюцыі. «Прасвет» з Алінаю Коўшык


Спецыяльнае выданне «Прасвету», міжнароднай праграмы «Белсату», пра сітуацыю ў Арменіі ды вакол яе за некалькі дзён да датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія завершаць аксамітную рэвалюцыю ў гэтай паўднёва-каўказскай дзяржаве.

Мы пакажам рэпартаж пра палітыкаў новай хвалі – Арпінэ Даваян, дарадцу кіраўніка Арменіі Нікола Пашыньяна, і віцэ-міністра транспарту гэтай краіны Армэна Памбукч’яна. Таксама вашай увазе – сюжэт пра тры новыя партыі, якія выйшлі на палітычную сцэну ў выніку змены ўлады.

Палітолаг Эдгар Варданьян распавядзе пра дэталі афёры з абнародаваннем тэлефонных размоваў кіраўніка ўраду Арменіі з шэфамі спецслужбаў і пра спробы старой улады – рэспубліканцаў – устаўляць палкі ў колы каманды Пашыньяна. Але пачнем з аналізу спрэчкі паміж армянскім лідарам і кіраўніком Беларусі.

Больш пра тэмы праграмы:

Арменія перад выбарамі, калі сяброў меней, чым ворагаў

Перад тым, як размаўляць пра армянскую электаральную кампанію і ўнутрыпалітычную барацьбу, варта адысці на пару крокаў ды паглядзець на сітуацыю з адлегласці. З адлегласці міжнароднай, бо за паўгода прэм’ерства Нікол Пашыньян паспеў выклікаць незадаволенне адразу некалькіх хаўруснікаў з АДКБ – перадусім кіраўніка Беларусі. Усевалад Шлыкаў.

Якія галоўныя праблемы прыйдзецца развязваць ураду пасля выбараў?

Публікацыя запісаў сакрэтных размовах кіраўніцтва дзяржавы. Што пагражае былому прэзідэнту Арменіі Робэрту Качар’яну? Якою праблемаю мусіць заняцца новы ўрад адразу пасля выбараў? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з палітолагам Эдгарам Варданьянам.

Новыя людзі Пашыньяна. Хто яны? Рэпартаж пра Арпінэ Даваян і Армэна Памбукч’яна

180 кандыдатаў выстаўляе на выбарах палітычны блок «Мой крок», у які ўваходзіць партыя Нікола Пашыньяна. Сярод іх – выканальнікі абавязкаў міністраў, дэпутаты і прадстаўнікі грамадзянская супольнасці. Да рэвалюцыі маладыя палітыкі мелі мала досведу ў палітыцы, але палкае жаданне змяніць краіну і цяжкая праца кампенсуюць гэта. Хто яны, лідары новай Арменіі? Рэпартаж Сяргея Пелясы і Вольгі Жарнасек.

Калі не Пашыньян і не рэспубліканцы. Ці есць альтэрнатыва на выбарах?

Аксамітная рэвалюцыя дала шанец паўдзельнічаць у армянскай палітыцы кожнаму – і ім скарысталіся. Паралельна з рухам Пашыньяна і старымі сіламі ў выбарах удзельнічаюць новыя партыі, якія з’явіліся літаральна ўчора. Яны не любяць казаць пра свае шанцы на перамогу, але поўныя надзеяў змяніць Арменію да лепшага. Тры альтэрнатыўныя сцэнары – у рэпартажы Дзяніса Дзюбы.