Апошні вырак у справе Коржыча. Каментар маці


Вяртаемся да тэмы сённяшняга суда над сяржантамі Яўгенам Бараноўскім, Антонам Вяжэвічам і Ягорам Скуратовічам, якіх прызналі вінаватымі ў смерці 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча. Раней пакаранні атрымалі іншыя фігуранты справы. Працэс скончыўся, але пытанні засталіся. На некаторыя з іх зможа адказаць маці загінулага жаўнера Аляксандра Коржыча Святлана Коржыч, якая знаходзіцца з намі на тэлефоннай сувязі:

«Я лічу, што не толькі сяржанты павінны былі сядзець на гэтай лаве, але і афіцэры. Ротны Сукавенка, які ў нас бясплатна вучыўся, скончыў вышэйшую ваенную акадэмію і адбываў сваю адпрацоўку. Ён толькі іграў у мабільныя тэлефоны і збіраў торбы з харчамі для капітана Чыркова і для сябе, для сваёй сям’і. З каўбасой, з «Кентамі», з вафелькамі – у гэтым былі ўсе ягоныя справы па абароне нашай айчыны. Гэта наш ротны афіцэр… Вось нашая армія беларуская. […] Гэта не было самагубства. Гэта забойства. Гэта яны выдумалі сабе такі ход. Мне становіцца вельмі страшна. […] Я вельмі хачу трапіць на прыём на Аляксандра Рыгоравіча. І далажыць яму ўсю абстаноўку, якая творыцца ў нашым войску. У мяне ёсць вельмі добрыя доказы, запісаныя на дыску. Як нашыя афіцэры беларускай арміі апранаюць нацысцкую форму і здзекуюцца над нашымі салдатамі, над нашымі дзецьмі!»

Ігар Ільяш, журналіст «Белсату»:

«Я думаю, што з самага пачатку ўлады вырашылі лакалізаваць кола адказных за смерць Коржыча. Тлумачыцца гэта тым, што дзедаўшчына, нестатутныя адносіны ў войску, гэта з’ява такая татальная і такая распаўсюджаная, што калі абвесціць усіх, хто насамрэч адказны за смерць Коржыча і іншых, то гэты спіс адказных будзе надта вялікі, трэба будзе перасаджаць надта шмат афіцэраў…»

Працяг размоваў – у сюжэце.