Апошні прытулак дыктатара. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Што Лукашэнка зробіць у адказ на пуцінскі транзіт улады, і што будзе з Беларуссю пасля 2024-га? Захраснем у Саюзнай дзяржаве ці здолеем узмацніцца? Прагноз – у «ПраСвеце».

Месца Беларусі ў новай крамлёўскай сістэме

Рэформа ўлады ў Расеі магла б стаць гістарычным шанцам Аляксандра Лукашэнкі, які сёння купляе нафту ў Нарвегіі, бо не можа дамовіцца са сваймі бліжэйшымі саюзнікамі. Падставай для такога «белэкзіту» магла б стаць, напрыклад, прапанова Уладзіміра Пуціна аб перавазе расейскага заканадаўства над міжнародным. Беларусі, аднак, не ўдасца выйсці з праекту Саюзнай дзяржавы пад шумок пуцінскіх зменаў: мы хутчэй захраснем там яшчэ глыбей. Пра сапраўдны рэцэпт магчымага выхаду адтуль ды нашае месца ў сістэме расейскага транзіту ўлады – Дзяніс Дзюба.

Крэмль спрабуе дыскрэдытаваць Польшчу. Пра Украіну расейцам чуць надакучыла?

75 гадоў з дня вызвалення нацысцкага канцлагеру Аўшвіц-Біркенаў. Падзея, якая мусіць аб’ядноўваць цывілізаваны свет, яго падзяліла. Урачыстасці адбываюцца як у Польшчы, на тэрыторыі былога нямецкага лагеру, гэтак і ў Ізраілі. А расейская прапаганда тым часам на ўсю моц палітызуе памяць ахвяраў Галакосту. Для чаго гэта робіцца і да чаго можа прывесці – высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Парушэнні правоў, БелАЭС ды паглыбленая інтэграцыя. Беларусь на парадку дня ў сталіцы Еўразвязу

Пра Брытанію, Лівію, Іран, Расею, пра змены клімату і ўцекачоў… Беларусь ужо даўно не стаяла на парадку дня ў Еўрапейскім парламенце. Пытанняў назбіралася, і галоўныя – усё ж прабіліся на еўрапейскую трыбуну: гэта бяспека БелАЭС, стан прававога грамадства ў краіне і будучыня беларуска-расейскай інтэграцыі. Што прывезлі ў Брусель беларусы – у нашым наступным сюжэце.

Інтэрв’ю з Пятрасам Аўштравічусам, які ініцыяваў дыскусію па Беларусі ў Еўрапарламенце

Парушэнні правоў беларусаў, адсутнасць апазіцыі ў Палаце Прадстаўнікоў, Беларуская АЭС ды паглыбленая інтэграцыя з Расеяй. Беларусь на парадку дня ў сталіцы Еўразвязу. Інтэрв’ю Алеся Сіліча з Пятрасам Аўштравічусам, дэпутатам еўрапейскага парламенту ад Літвы. Менавіта гэты літоўскі палітык і эканаміст ініцыяваў найноўшую дыскусію па Беларусі ў Еўрапарламенце.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.