Апазіцыя абмяркоўвае другі варыянт святкавання Дня Волі-2019


Ужо другая заяўка на масавае адзначэнне сёлетняга Дня Волі. У Менгарвыканкам па дазвол адзначыць 101-я ўгодкі абвяшчэння БНР звярнуліся апазіцыйныя Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» і рух «За свабоду». Паводле сцэнару, мітынг мае адбыцца каля Опернага тэатру ў Менску (як раз дзе летась адбыўся маштабны непалітычны канцэрт да 100-годдзя БНР) а 16-й гадзіне. Акрамя ўласна палітычнае акцыі на 25 сакавіка апазіцыя заявіла і пра пачатак новай кампаніі – «За незалежнасць».

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД:

«Беларускія палітычныя дэмакратычныя сілы прапануюць правесці гэты дзень пад лозунгам «За незалежнасць Рэспублікі Беларусь». Мы заклікаем усіх неабыякавых грамадзянаў прыходзіць і падпісваць заяву, падтрымліваць заяву за дэнансацыю саюзнага пагаднення. Саюзная дзяржава гэта тое, што пагражае сёння беларускай незалежнасці, гэта атавізм».

Мікалай Казлоў, выконваючы абавязкі старшыні АГП:

«Мы, канешне, павінныя ў гэтым годзе звярнуць увагу і на суверэнітэт, і на незалежнасць, і на спробы Расеі надбудаваць над намі наднацыянальныя органы, якія, на мой погляд, недапушчальныя».

Юры Губарэвіч, старшыня руху «За Свабоду»:

«Мы бяром на сябе адказнасць за палітычны мітынг, які плануем правесці 25 сакавіка, непасрэдна ў дзень падпісання III Устаўной граматы, на пляцоўцы каля Опернага тэатру, там, дзе ў мінулым годзе быў атрыманы дазвол. Разам з тым мы заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі ўдзельнічаць і ў палітычных мерапрыемствах, і ў іншых планах – святочных, навуковых канферэнцыях, канцэртах».

Ігар Барысаў, старшыня БСДП (Грамада):

«Сапраўды, варыянты, што могуць не задаволіць і 24, і 25 сакавіка існуюць, і натуральна мы будзем дзейнічаць з улікам таго, якія рашэнні будзе прыймаць гарадская ўлада. Калі 24-га дазволяць, а 25-га не дазволяць, натуральна мы будзем далучацца. Калі 24 і 25-га не дазволяць, тады будзем думаць пра магчымыя іншыя формы арганізацыі…»

Якім чынам вы б хацелі святкаваць угодкі БНР? Адказваюць жыхары Бабруйску.

belsat.eu