«Анлайн-петыцыю падпісала 10 тысячаў чалавек». Асмалоўку ўратавалі ад зносу


Гістарычны раён Менску Асмалоўка ўратаваны ад зносу, які планавалі ўлады і супраць якога гэтак пратэставалі мясцовыя жыхары. Асмалоўка атрымала ахоўны статус зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адпаведная пастанова была ўхваленая яшчэ летась у лістападзе, але вядома грамадскасці пра яе стала толькі зараз.

Андрэй Эзерын, абаронца Асмалоўкі:

«Для нас сённяшні дзень – гэта свята. Мы спадзяемся, што гэта перамога. Тут ёсць два значныя моманты. Першы – гэта перамога грамадскага сектару, мы бачым, што такія праекты можна рабіць і дабівацца перамогі. Другі – дзяржаўныя ўстановы нас пачулі, я маю на ўвазе грамадскасць. Летам 2017 года анлайн-петыцыю супраць зносу Асмалоўкі падпісала 10 тысячаў чалавек. Гэта невялікі раённы беларускі горад. Мы дамагліся пэўнага мараторыя на знос Асмалоўкі. Здаецца, менавіта гэты дакумент дазваляе нам жыць спакойна. Але далей нам трэба думаць як жыць, якая будучыня будзе ў гэтага раёну».

Мы спыталі жыхароў Асмалоўкі, ці задаволеныя яны новым статусам раёну?

belsat.eu