Ангела Мэркель: Я першая адмяніла б санкцыі супраць Расеі


Расейскія войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны працягваюць вучэнні ў Валгаградскай вобласці. Гэтак у анексаваным Крыме расейцы адпрацоўваюць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне войска на марскіх і сухапутных палігонах.

Мала хто на Захадзе сумняецца, што такім чынам Крэмль падтрымлівае напружанасць у свеце. У гэтай атмасферы вяртаецца старое пытанне: быць ці не санкцыям супраць Расеі? Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель намякнула, што радыкальныя захады гэта не найлепшае, хоць пакуль і непазбежнае выйсце.

АНГЕЛА МЭРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:

«Я першая адмяніла б санкцыі супраць Расеі. Мы штодня робім намаганні, а перамовы на базе Менскіх дамоўленасцяў працягваюцца. Аднак мы пакуль не бачым выканання Менскіх пагадненняў. Мы ўсімі сіламі намагаемся вярнуцца да такіх дачыненняў з Расеяй, якія зробяць санкцыі непатрэбнымі».

А такія дачыненні робяцца недасягальнымі. Канфлікт ва Украіне, які і быў падставаю для санкцыяў, не спыняецца. Паводле крыніцаў Антытэрарыстычнай аперацыі, за апошнія содні прарасейскія баевікі больш за 70 разоў абстралялі пазіцыі ўкраінскага войска. На некаторых кірунках агонь вёўся з забароненай Менскімі дамоўленасцямі артылерыі. Як паведамілі ў АТА, у вынікі сутыкненняў з баевікамі загінулі двое ўкраінскіх вайскоўцаў. Раней украінская выведка папярэджвала аб маштабных правакацыях на Данбасе. Кіраўнік краіны Пятро Парашэнка заявіў…

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

«Шанцы новай эскалацыі канфлікту застаюцца надзвычай высокія. Мы не выключаем поўнамаштабнага ўварвання Расеі на ўсіх кірунках».

Сітуацыя абвастрылася пасля таго, як на мінулым тыдні Крэмль абвінаваціў кіеўскія ўлады ў рыхтаванні тэрактаў у Крыме. Паводле Федэральнай службы бяспекі Расеі, на паўвостраве нібыта разбілі цэлую сетку дыверсантаў, звязаных з украінскаю выведкай. У Кіеве заявы Масквы назвалі чарговым элементам гібрыднай вайны. Украінскае войска прывялі ў стан узмоцненай боегатовасці.

ПЯТРО ПАРАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ УКРАІНЫ:

«У выпадку, калі сітуацыя абвастрыцца, будзе ўказ аб мабілізацыі ды ўведзенае ваеннае становішча. Нічога больш важнага за Украіну, за незалежнасць Украіны, за нашую свабоду і дэмакратыю не існуе».

Пакуль афіцыйна Еўразвяз і ЗША не збіраюцца здымаць санкцыяў з крамлёўскага рэжыму. У ліпені ЕЗ падоўжыў іх дзеянне да студзеня 2017 года. Які будзе далейшы лёс абмежавальных захадаў? Вядома, што далёка не ўсе ў абʼяднанай Еўропе выступаюць за палітыку санкцыяў. Першыя абмежаванні ў дачыненнях з Расеяй былі ўведзеныя ў 2014 годзе, пасля прызнання рэферэндуму, які стаў адным з этапаў анексіі Крыму. Паступова санкцыі былі пашыраныя на энергетычны, абарончы ды фінансавы сектар.

Ян Бабіцкі, «Белсат». Фота pnp.ru