Андрэй Ягораў: Беларускія ўлады вельмі баяцца рэакцыі грамадства на дамоўленасці аб інтэграцыі


У Маскве на паседжанні ўраду гэтак званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі адбываюцца перамовы, звязаныя з паглыбленнем эканамічнай інтэграцыі, якой ад афіцыйнага Менску вымагае Крэмль. Прэм’ер-міністр нашае краіны Сяргей Румас наўпрост звязаў гэтыя працэсы з коштамі на расейскія вуглевадароды для Беларусі і кампенсацыяй за падатковы манеўр нашых усходніх суседзяў.

Сяргей Румас, прэмʼер-міністр Беларусі:

«Нашая пазіцыя на перамовах была дакладнай і паслядоўнай. Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з развязаннем найбольш вострых пытанняў двухбаковай супрацы: фармаванне коштаў на нафту і газ, бар’еры ў доступе тавараў на ўнутраныя нацыянальныя рынкі, розныя ўмовы падтрымання вытворцаў, у тым ліку за кошт субсідыяў».

Паводле Румаса, гэтыя пытанні маюць быць прапісаныя ў «дарожных мапах» – дакументах, якія вызначаюць хаду эканамічнага збліжэння. А вось Дзмітрый Мядзведзеў прапаноўвае шукаць кампрамісы ў пытаннях узаемнага доступу на рынкі. Такім чынам прэмʼер-міністры Расеі і Беларусі рыхтуюць інтэграцыйны дакумент, які Лукашэнка і Пуцін плануюць падпісаць 8 снежня, але ягоны змест трымаюць у абсалютнай таямніцы ад грамадзянаў.

Пра пагрозу беларускай незалежнасці размаўляем з дырэктарам Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэем Ягоравым:

«Калі называць рэчы сваймі імёнамі, мы назіраем непрыкрыты ганебны гандаль беларускім суверэнітэтам, незалежнасцю. І мы бачым, што нават наўпрост так кажацца, што ў абмен на вуглевадароды мы гатовыя паступіцца часткаю свайго суверэнітэту… Я думаю, што ў значнай ступені беларускія ўлады вельмі баяцца таго, што ў грамадстве будзе вельмі адмоўная рэакцыя на гэтыя дамоўленасці. Але я думаю таксама, што ёсць пэўныя спадзяванні з боку самога ўраду, што яны змогуць дасягнуць нейкіх дамоўленасцяў і змяніць характар «дарожных мапаў»…»

Працяг размовы – у сюжэце.

Валеры Руселік belsat.eu