Лавіна, хіба найбольш трапнае слова, якім можна апісаць статыстычную крывую, што паказвае колькасць беларусаў, якія хочуць жыць у саюзе з Расеяй. Найноўшае сацыялагічнае даследаванне «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага падзялілася свежымі вынікамі даследавання.
За 20 гадоў вымярэнняў такой рэзкай дынамікі не было. У верасні пачаўся спад. І цяпер ён меншы на 20 %.
«Пасля таго, як пачаўся працэс паглыбленай інтэграцыі, змянілася танальнасць у беларускіх мэдыа падачы таго, што такое Расея. Гэтая танальнасць стала больш негатыўнай. Потым пачаўся другі адцінак медыяльная танальнасці. Яна стала ўжо эмацыянальна-негатыўная. З гэтай нагоды адбыўся такі правал арыентацыі на Расею. Прычына носіць медыяльны характар», – выказаўся Андрэй Вардамацкі.
Такіх радыкальных зменаў не было падчас ранейшых спрэчак Беларусі і Расеі аб вуглявадорадах. Прычына цяперашняй сітуацыі, паводле Вардамацкага, крыецца ў тым, што цяперашні канфлікт цягнецца ўжо амаль год.
«Медыі ўплываюць на беларускую грамадскую думку. Кожная нацыя мае свой узровень медыязалежнасці», – кажа Вардамацкі.
Навуковец лічыць, што на самым пачатку фармавання беларускай ідэнтычнасці яна была больш пластычная. Але паступова адбываецца працэс зацвярджэння ідэнтычнасці і геапалітычных арыентацыяў. А нафтавая рэчаіснасць уплывае на грамадскую думку, дадае Вардамацкі.
Навуковец звяртае ўвагу, што павышэнне арыентацыі беларусаў на Еўропу ў два разы меншае, чымся падзенне арыентацыі на Расею: асобы без геапалітычнай арыентацыі, якія адыходзяць ад Расеі, спачатку пераходзяць у стан «Я не ведаю сваёй геапалітычнай арыентацыі». А пазней пачынаюць сімпатызаваць Еўропе.
Фота: Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum