Амерыканец прыехаў у Беларусь, каб здзейсніць мару


Сімвалічна новы сезон праграмы «Welcome ў Беларусь» адкрывае выданне з удзелам Боба Экгарта, прафесара з штату Агаё (ЗША). Гэта ён здымаўся ў нашай першай праграме летась. Ён абяцаў беларусам вярнуцца і стрымаў сваё слова.

Боб ужо трэці раз наведвае Беларусь і гэтым разам мае канкрэтную задачу.

«Я заўсёды хацеў навучыцца граць на валынцы, як адзін мой зямляк. Ён заўсёды грае на роварным шляху, і шторазу, калі яго мінаў, я казаў пра гэта жонцы»,– распавёў Боб.

Праўда, яна на гэтыя заявы рэагавала без асаблівага энтузіязму. Але паколькі ў Менск Боб прыехаў адзін, ніякіх перашкодаў на шляху да здзяйснення мары не было.

Да таго ж, мінулым разам наш герой пазнаёміўся з сямейным музычным гуртом «Пуговицы Crazyband». І тут план аформіўся канчаткова: сыграць мелодыю з іхнага рэпертуару – вось будзе сюрпрыз!

А паколькі беларусы маюць падобны да валынкі інструмент – дуду – каманда праграмы «Welcome ў Беларусь» вырашыла дапамагчы амерыканцу знайсці настаўніка. Ім стала Аксана Мароз, якая разам з мужам грае на дудзе ўжо чатырнаццаць гадоў. Цікава, што акрамя акрамя беларускай дуды Боб і Аксана знайшлі яшчэ адно супольнае захапленне: культавую мадэль «Volkswagen» – «Жук» («Beetle»).

Дарэчы, гісторыя з аўтамабілямі будзе суправаджаць Боба цягам усяго падарожжа. У кадры з’явіцца яшчэ і «Fiat Multipla», які ўваходзіць у топ самых брыдкіх машын свету.

Ці ўдасца Бобу споўніць сваю мару? Глядзіце ў новым выданні «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Праграма «Welcome ў Беларусь» выходзіць кожную нядзелю а 20:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.