Амерыканец на градках: прэм'ера праграмы «Welcome ў Беларусь»


Перш чым трапіць у вёску садзіць памідоры, Боб Экгард працаваў у Менску з выкладчыкамі ангельскай мовы і зрабіў лёсавызначальны крок у тэатры оперы і балету.

Усё гэта вы ўбачыце ў прэм’ерным выданні праграмы «Welcome ў Беларусь» (відэа вышэй).

Чытай таксама >>> «Белсат» запускае пазітыўную праграму пра замежнікаў у Беларусі

Перад тым як трапіць у Беларусь, Боб цягам 20 гадоў выкладаў ва Універсітэце штату Агаё. Але вырашыў перайсці на больш эластычны графік, каб падарожнічаць і выкладаць ангельскую мову.

Чаму ён абраў менавіта нашу краіну? «Шчыра? Я яе не выбіраў, – раззбройвае мяне Боб. – Я хацеў паехаць у Эстонію, але там не было месцаў. І таму арганізатары праграмы Фулбрайта па міжнародным абмене прапанавалі мне паехаць у Беларусь. І калі быць шчырым, пра яе я не ведаў нічога, а вось пра Таллін чуў шмат добрага. Я заўсёды марыў трапіць у сталіцу былой савецкай рэспублікі».

Боб Экгард (справа) на роварным фэсце. Фота belsat.eu

Апошнія 15 гадоў праца Боба была звязана з азіяцкімі краінамі – Кітаем, Паўднёвай Карэяй, Японіяй. І яму захацелася ўбачыць новую частку свету.

У Менску Боб выкладаў у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту. Там ён пазнаёміўся з выкладчыкамі з усёй Беларусі, якія тут жа запрасілі ў Горадню, Пінск, Полацк. А адна з жанчын параіла з’ездзіць у Дудуткі. Большасць з гэтых месцаў, а таксама Мір, Нясвіж, Ракаў, Дзяржынск ён ужо наведаў.

«Цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што Беларусь – гэта лепшае, што здарылася ў маім жыцці, – кажа герой праграмы. – І я страшна ўдзячны арганізатарам, што мяне не накіравалі ў Таллін. Думаю, Менск – самы адметны сярод гарадоў, у якіх я пабываў. А пабываў я і ў Парыжы, і ў Рыме, і ў Нью-Ёрку, і ў Шанхаі, і ў Сеуле… І Менск з іх – самы ціхі, самы чысты, самы прыгожы і найменш населены».

Што можна ўбачыць у Беларусі, чаго няма нідзе на свеце? «Зубра! – смяецца Боб. – Але што ўразіла мяне найбольш – дык гэта Вялікі тэатр оперы і балету!». Гэта адна з прычын, чаму я хачу вярнуцца. Тэатр адыграў яшчэ адну важную ролю ў жыцці Боба. У антракце спектаклю «Рамэа і Джульета» ён зрабіў прапанову сваёй будучай жонцы (гэтыя кадры ёсць у праграме).

У жніўні Боб вернецца ў родны ўніверсітэт, каб правесці там курс. Але ягоная мэта – вярнуцца ў Беларусь. «Гэта для мяне рай, бо тут намяшана столькі культур! І мала таго, што насельніцтва шматэтнічнае, дык яшчэ і напалову еўрапейскае, а напалову – савецкае».

У наступным годзе ён плануе аб’ехаць Беларусь на ровары. Ужо і маршрут склаў:

Спадабалася праграма? Сачыце за намі ў Facebook, ВКонтакте, на Instagram і ў Одноклассниках.

Інга Астраўцова