Амбасадар падаў у адстаўку, бо браў удзел у менскім парадзе


Белсат Zoom – новая праграма ў інфармацыйным вяшчанні. У цэнтры ўвагі – эпідэмія каронавірусу. Каментары з месца падзеяў. Ацэнкі экспертаў. Мы здабываем інфармацыю там, дзе прымушаюць маўчаць.

Ілжэдоктаркі рабавалі пенсіянерак

Прыкідваліся работніцамі паліклінікі з прапановаю памераць ціск, заходзілі ў дом да пенсіянерак і рабавалі. Міліцыя затрымала трох жанчын, якіх падазраюць у крадзяжы. Гэтак, 86-цігадовая пенсіянерка з Баранавіцкага раёну засведчыла: пакуль адна кабета неславянскага выгляду займалася ёю на кухні, другая ненадоўга знікла з поля зроку. У выніку з дому зніклі дзвесце рублёў.

Такая гісторыя адбылася і з 79-цігадоваю жыхаркай Ашмяншчыны.

«Пацярпелых магло быць больш, бо фігуранткі хадзілі па іншых дамах у іншых паселішчах на Гарадзеншчыне, але іх ніхто не ўпусціў», – распавяла Маргарыта Гаўрова, працаўніца УІГС МУС.

Міліцыя заклікае быць пільнымі, прасіць асобаў, якія называюцца працаўнікамі арганізацыяў, паказаць пасведчанні і тэлефанаваць у адпаведную ўстанову па інфармацыю.

Адстаўка за парад

Амбасадар Славаччыны ў Беларусі Ёзэф Мігаш падаў у адстаўку праз тое, што браў удзел у парадзе 9-га траўня ў Менску, не зважаючы на эпідэмію каронавіруса. У МЗС Славаччыны адстаўку прынялі і заявілі, што амбасадар парушыў асноўныя прынцыпы камунікацыі, не пракансультаваўшыся са штаб-кватэраю.

25 гадоў першаму рэферэндуму

25 гадоў таму ў Беларусі адбыўся першы рэферэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. Па яго выніках расейская мова зрабілася дзяржаўнаю, прэзідэнт атрымаў права распускаць парламент, а Беларусь стала адзінаю постсавецкаю краінай, якая замяніла свае гістарычныя нацыянальныя сімвалы на крыху змененыя камуністычныя, эскізы якіх ад рукі намаляваў тагачасны старшыня Адміністрацыі прэзідэнта Леанід Сініцын.

Рэферэндум быў прызначаны з грубымі парушэннямі Канстытуцыі, якім папярэднічала збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Менавіта гэтыя падзеі лічацца першым крокам да ўстанаўлення ў Беларусі дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.

Пішыце нам: BELSAT@GMAIL.COM