Лукашэнка паабяцаў сысці. NEXTA на Белсаце


Спакойна, не з пасады… а толькі з расейскіх рынкаў. Лукашэнка даў зразумець Крамлю, што непатрэбных у свеце беларускіх шкарпэтак і трактароў на знак пратэсту не будуць прадаваць і ў Расеі. Усё як у прымаўцы – на злосць маме адмарожу вушы. Чым жа матушка-Расея так пакрыўдзіла Лукашэнку?

«Мы дамаўляліся, ствараючы нашую адзіную эканоміку, што ўсе суб’екты гаспадарання і нашыя людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоваў няма, то няма і саюзу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі прэм’ер падлічыў, што праз шматлікія забароны Расеяй нашых прадуктаў мы губляем мільярды долараў. Але замест кампенсацыі – танных крэдытаў і нафты – Расея яшчэ мацней сціскае саюзную пятлю.

«Расея гатовая і далей рухацца па шляху пабудовы адзінай саюзнай дзяржавы, уключна са стварэннем адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суда, падліковай палаты…», – заявіў кіраўнік расейскага ўраду Дзмітрый Мядзведзеў.

А гэта значыць, адзін рубель, адзін суд і… адзін прэзідэнт? Беларускі нязменны на такое не згодны і пачынае шукаць новых саюзнікаў, напрыклад, Нямеччыну:

«Мы хацелі б гандляваць з вамі, а вы забор пабудавалі і нават да плоту нікога не падпускаеце», – паскардзіўся кіраўнік Беларусі.

Куды бліжэй Лукашэнку далёкі Судан – у кіраўнікоў краінаў шмат агульнага: абодва нязменна кіруюць больш за чвэрць стагоддзя, наш «перамагае» на выбарах з больш як 80-ціадсоткавым падтрыманнем, Умар Хасан Ахмэд аль-Башыр – з больш як дзевяноста адсоткамі галасоў выбарцаў. А галоўнае, нам ёсць чым мяняцца: мы аддадзім Судану нашае беларускае золата – трактары – наўзамен на іхнае – звычайнае золата.

«Мы поўныя рашучасці зрэалізаваць усе нашыя дамоўленасці настолькі хутка, наколькі будзе воля суданскага боку», – адзначыў Лукашэнка.

Цяпер замест расейскага чорнага золата – нафты – мы будзем здабываць сапраўднае. Прынамсі да таго часу, пакуль афрыканская краіна не запрапануе нам пабудаваць саюзнай дзяржавы з адзіным эмісійным цэнтрам і прэзідэнтам.