Аляксандр Кур'яновіч: 25 гадоў пры ўладзе Лукашэнка адзначыць рэферэндумам


Ці кіраўнік Беларусі рыхтуе «антыдармаедскі» рэферэндум? «Лукашэнка не любіць адступаць, – кажа гісторык Аляксандр Кур’яновіч. – Любое паслабленне ён лічыць сваёй няўдачай».

17 кастрычніка – гадавіна рэферэндуму, у выніку якога ў 2004 годзе былое знятае абмежаванне прэзідэнцтва для аднаго чалавека двума тэрмінамі па 5 гадоў. Між тым, улады рыхтуюць новы рэферэндум – да 25-годдзя прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, перакананы кандыдат гістарычных навук, даследчык найноўшай гісторыі Беларусі ад 1990 году Аляксандр Кур’яновіч.

На думку гісторыка, Лукашэнка новым рэферэндумам хоча замацаваць свае дасягненні і адзначыць круглую дату знаходжання пры ўладзе:

«У 2019 годзе будзе 25 год як Лукашэнка кіруе. Юбілей, можна сказаць. Цэлая эпоха як у жыцці чалавека, так і краіны».

Кур’яновіч прагназуе галасаванне па новай рэдакцыі Канстытуцыі. У прыватнасці, гаворка можа весціся аб павелічэнні аднаго тэрміну прэзідэнцтва да 7 гадоў і замацаванні таго, што ёсць у «антыдармаедскім» дэкрэце. «Фармулёўку юрыдычную знойдуць. Лукашэнка не любіць адступаць, любое паслабленне ён лічыць сваёй няўдачай», – кажа госць «Размовы дня з Усеваладам Сцебуракам».

Падрабязней пра рэферэндумы ў Беларусі – у поўным выданні праграмы