Аляксандр Класкоўскі пра хакей Лукашэнкі: Спартовы баль падчас чумы


Хакейная каманда Лукашэнка выгуляла ў ветэранаў Швейцарыі па хакеі з лікам 11:4. Зрэшты, перамогаю нікога не здзівілі. На лёд выйшаў не толькі кіраўнік краіны, але і ягоны сын Коля Лукашэнка.

Адметна, што бацька і сын былі не толькі ў аднолькавых чорных шлемах, але і пад ідэнтычным нумарам – першым. Адну з шайбаў забіў Лукашэнка-малодшы. За швейцарцаў акрамя былых спартоўцаў выступалі і некалькі парламентарыяў. Дзяржаўнае Беларускае інфармацыйнае агенцтва паведамляе, што такая сустрэча мае паспрыяць развіццю паміж краінамі дачыненняў у галіне спорту.

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, улады думаюць, што гэта для іх піяр і прапаганда здаровага ладу жыцця, але пытанне ў тым, за чые грошы яны гэта робяць.

«Я таксама падтрымліваю здаровы лад жыцця, але розніца ў тым, што раблю гэта за свой кошт. У мяне паўстаў пытанне: За чый кошт гэты банкет? Не столькі гэты канкрэтны матч, але ўжо 14 разоў ладзілі Калядныя турніры і на гэтыя турніры з’язджаюцца з розных краінаў. Там відавочна вельмі вялікія выдаткі.

Я прачытаў інтэрвʼю аднаго расейскага хакеіста, які нядаўна ўдзельнічаў у калядным турніры. Ён кажа адкрытым тэкстам, што ў добры гатэль пасялілі за кошт гаспадароў. Ён таксама прызнаўся, што каб даць Лукашэнку-старэйшаму забіць шайбу, расступіліся ў апошнім перыядзе расейскія гульцы. Гэта ў пэўнай ступені гульня ў паддаўкі.

Гэта выглядае на танны спектакль, бо надта шмат тут штучнага. Кажуць, што часта зганяюць школьнікаў, каб былі поўныя трыбуны».

Аляксандр Класкоўскі, што такія піяр-мерапрыемствы не дадаюць папулярнасці Лукашэнку.

«Нават сярод людзей, якія сённяшні парадак падтрымліваюць, адчуваеш такое раздражненне. Яшчэ гэта ідзе ад не вельмі добрай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Спартовы баль падчас чумы. Натуральна, што простага беларуса гэта раздражняе».

Таксама Аляксандр Класкоўскі сумняецца, што Лукашэнка спыніць свае забавы нават у вельмі кепскай эканамічнай сітуацыі.

Больш глядзіце ў відэа.