Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка можа зваліць віну за дэкрэт аб дармаедах на падначаленых


Кіраўнік Беларусі паехаў у Сочы, дзе мае прабыць ажно тыдзень. У Крамлі паездку ўжо акрэслілі як прыватную. І гэта ў той час, калі ў краіне складаная эканамічная сітуацыя, а незадаволенне грамадзянаў пераходзіць крытычную мяжу. Маршы абураных беларусаў прайшлі ў сталіцы і ва ўсіх абласных цэнтрах. На іх выйшлі тысячы чалавек.

Візіт Лукашэнкі ў Сочы каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Не зайздрошчу я сёння Аляксандру Лукашэнку. І ў краіне народ бунтуе, і з Крамля мэсідж Пяскова, хаця Лукашэнка не абвяшчаў, што едзе сустракацца з Пуціным, але адтуль паслалі сігнал, што не, і не думай.

Калі казаць пра Маршы абураных беларусаў, то натуральна тут ёсць ад чаго пачухаць патыліцу беларускаму кіраўніку. Я заўважыў, што ён псіхалагічна стараецца быць падалей ад такіх усплёскаў вулічнай актыўнасці. І тут ёсць пэўны палітычны разлік. Гэта дае магчымасць узяць паўзу і проста падумаць, што рабіць з гэтым чортавым дэкрэтам. Я не выключаю, што Лукашэнка можа зваліць на падначаленых віну за гэты нарматыўны акт.

Найхутчэй ён узяў паўзу, каб узважыць ці наступіць на горла свайму гонару, сваім амбіцыям, і сказаць, «я падумаў і вырашыў скасаваць дэкрэт», альбо працягваць манеўраваць і па крысе гасіць пратэсты.

Можа адмяніць дэкрэт, але малаімаверна. Гэта праблема захавання твару. Ён і сам ужо не рады, што ў свой час падпісаў гэты дэкрэт.

Размову Сяргей Падсасоннага з Аляксандрам Класкоўскім глядзіце ў «Гарачым каментары».

ДР belsat.eu