Алесь Лагвінец: Выглядае, што гэта заключная стадыя лукашызму


Лідзія Ярмошына заявіла, што «хутчэй за ўсё будуць змены ў Канстытуцыі», хаця пакуль не будзе зменаў у выбарчым заканадаўстве. Ці гэта азначае, што выбары ў лютым пройдуць па старым сцэнары, – каментуе палітолаг Алесь Лагвінец.

На думку Алеся Лагвінца, Ярмошына не гатовая да сапраўднага дыялогу.

«Гэта хутчэй выдаванне пажаданага за рэальнае. А тое, з кім хто фатаграфуецца, справа выбару. Я быў на тым прыёме і як мага далей адышоў ад гэтай асобы», – кажа палітолаг.

Унутры Беларусі няма дыялогу і ўлады яго не хочуць, дадае госць праграмы.

«Яны хочуць гуляць у дыялог з Захадам. І ў межах гэтай гульні яны падаюць нейкія сігналы, што магчыма будуць змяняць выбарчае заканадаўства, бо яны яго не памянялі пасля прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніі. Хаця рэкамендацыі ідэнтычныя. Калі мы глядзім на гэтую выбарчую кампанію, зразумела, яна пройдзе так, як звычайна. Ужо сёння Ярмошына анансавала, што на выбары пойдуць 60 % беларусаў», – кажа Алесь Лагвінец.

Змены ў Канстытуцыю, калі яны будуць, робяцца дзеля таго, каб гарантаваць далейшае панаванне сённяшняй уладнай групоўкі.

«Для выбарчых зменаў трэба мяняць Канстытуцыю. Калі размова будзе ісці пра ўвядзення змешанага галасавання, то бок далучэння да мажарытарнай сістэмы элементы прапарцыйнай сістэмы. Ці зробяць гэта ўлады, пытанне адкрытае… Можа быць у рамках змены Канстытуцыі будзе падоўжаны тэрмін Лукашэнкі. Для ўсяго рэжыму гэта вельмі важнае пытанне», – кажа эксперт.

Ёсць пэўная стомленасць ад рэжыму, выглядае, што гэта заключная стадыя лукашызму, дадае Алесь Лагвінец.

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Алесем Лагвінцом глядзіце ў «Гарачым каментары»