Алесь Бяляцкі: Нобэль Алексіевіч – як зорка, якая будзе асвятляць беларускую літаратуру


У студыі «Белсату» – 6 разоў намінаваны на нобэлеўскую прэмію міра, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.https://www.youtube.com/watch?v=p6wjC9ftXFE&feature=youtu.beАлесь Бяляцкі: Намінаванне Святланы Алексіевіч – гэта адзнака смеласці беларусаў як народу. Бо Нобэлеўская прэмія, у галіне літаратуры тым больш, у галіне інтэлектуальнай думкі, і што даказала сваёй творчасцю Святлана Алексіевіч, значыць, што беларусы ўваходзяць у клуб «нобэлеўскіх літаратураў«. Гэта хіба што вышэйшая адзнака. І мы мусім ганарыцца тым, што адбываецца ў гэтыя хвіліны.«Белсат»: То бок нашая літаратура проста будзе ўжо пад знакам Нобэля ўся? Святлана Алексіевіч зможа намінаваць іншых літаратараў, мы будзем ведаць, што мы можам, што мы дайшлі да гэтага сваім узроўнем.Алесь Бяляцкі: Ну пэўна!

Гэты нобэлеўскі медаль – ён як зорка, можна сказаць. Ён будзе зараз асвятляць усю беларускую літаратуру. І тут яшчэ важна, што талент Святланы Алексіевіч не вырас на пустым месцы. Ён фактычна выхаваны беларускай літаратурай.

Нягледзячы на тое, што яна пісала на рускай мове, але ўсе яе літаратурныя рамкі, псіхалогія твораў, літаратурныя прыёмы – яны маюць глыбокія карані ў беларускай літаратуры.«Белсат»: Ці азначае гэта, што людзі, якія крытыкавалі ўсю гэтую ўзнагароду, памыляюцца, кажучы, што намінаванне расейскамоўнага пісьменніка з Беларусі – крыж на ўсёй беларускай літаратуры?Алесь Бяляцкі: Трэба ўлічыць, што на рускай мове яе будзе чытаць у працэнтных адносінах невялікая колькасць людзей. У асноўным будуць чытаць у перакладах. Па вялікімі рахунку ангельскамоўнаму ці нямецкамоўнаму чытачу не так істотна, з якой мовы перакладзеныя творы, і там, канешне, увага будзе звяртацца на змест і на тое, пра што яна піша. Але, безумоўна, у нашай беларускай літаратуры ёсць такія выключэнні, калі пісьменнікі пісалі па-руску, але мы адназначна залічваем іх у сваю беларускую літаратуру. Дастаткова назваць настаўніка лаўрэаткі Алеся Адамовіча: пісаў па-руску, але нікому не прыйдзе ў галаву сказаць, што гэта расейскі пісьменнік. Сама Святлана Алексіевіч сябе ясна пазіцыянуе як беларускага літаратара. Таму думаю, як такое моўнае выключэнне, мусім яе прызнаць і прызнаем беларускай літаратаркай. Трэба сказаць, што гэта не нейкая вялікая асаблівасць. Трэба ўзгадаць ірландскіх пісьменнікаў ці індыйскіх, якія пісалі па-ангельску. Пісьменнікі часам пішуць на імперскіх мовах, але яны не становяцца імперскімі пісьменнікамі па сутнасці.