Алексіевіч, Анісім ды іншыя. Каго прапануюць на ролю адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах?


Дата будучых наступных прэзідэнцкіх выбараў яшчэ не абвешчаная, але апазіцыя ўжо пачынае рыхтавацца да галоўнай палітычнай падзеі Беларусі. Сярод іншага, абмяркоўваецца, хто б мог зрабіцца адзіным кандыдатам. Гэтым разам ставіць гатовыя не толькі на палітыкаў.

Госця студыі «Размовы дня», сустаршыня аргкамітэту для стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вольга Кавалькова, сярод іншых прадстаўнікоў палітычных партый і рухаў брала ўдзел у сустрэчы, якую арганізаваў былы палітык, а сёння кіраўнік арганізацыі «Еўрапейскi дыялог» Анатоль Лябедзька. Адметнасць сустрэчы была ў тым, што за адным сталом сабраліся прадстаўнікі шматлікіх палітычных партыяў, рухаў і аб’яднанняў, экспертаў і журналістаў. Ці стала вынікам перамоваў новая стратэгія? Або варта чакаць старой п’есы з нязменнымі героямі?

«Думаю, усе гатовыя пабачыць новых асобаў. Пытанне ў тым, каго падтрымаюць людзі і каго падтрымаюць унутры самой апазіцыі. Зразумела, ёсць рамкі. Калі гэта адзіны кандыдат, то мы казалі пра розныя ідэалогіі. І трэба вырашыць, як дамовіцца левым і правым», – кажа Вольга Кавалькова.

Госця студыі не выключае, што адзіным кандыдатам увогуле можа быць чалавек звонку. Гучалі такія імёны, як пісьменніца і нобэлеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, дэпутатка Алена Анісім. Ці не спадзяецца апазіцыя на дапамогу Захаду і прыезд Зянона Пазняка? Даведаецеся з праграмы «Размова дня» з Усеваладам Сцебуракам і сустаршынёй аргкамітэту для стварэння партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Вольгай Кавальковай.