Актывісты «Альтэрнатывы» правялі акцыю, раздаўшы сувенірныя 500 долараў


Аляксандр Лукашэнка абяцаў 500 долараў заробку ўжо не раз. І раптам заявіў пра гэта зноў. Але чаго вартыя словы кіраўніка? Ці не роўна столькі, як тыя 500 долараў, якія сябры грамадскае ініцыятывы «Альтэрнатыва» раздавалі ў Менску?

Актывісты зладзілі акцыю каля Камароўскага рынку а 17:00 гадзіне. Мінакам раздавалі заробак, абяцаны Лукашэнкам. Але замест сапраўдных грошай беларусы атрымалі паперкі ды ўлёткі, што іх чарговы раз падманулі. А ўсе абяцанкі Лукашэнкі можна было пабачыць на адмысловым стэндзе. Ды таксама зразумець, чым усе гэтыя гучныя словы скончыліся.

Старшыня грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Алег Корбан заўважыў, што на акцыю натхніла чарговае абяцанне Аляксандра Лукашэнкі пра заробак у $ 500.

«Гэта, у прынцыпе, мы ўсё лічым пустымі словамі, бо ўсё гэта чуем не першы год. Таму мы ўсё ж вырашылі выказаць сваё стаўленне: ты не чакай, сюрпрызаў не будзе. Мы вырашылі пайсці ў адно грамадскае месца, каб раздаць сімвалічныя купюры, якія лічацца сувенірамі. Мы хацелі іх раздаць і тым самым паказаць: як гэтыя грошы несапраўдныя, так і ў вас, паважаныя грамадзяне, ніякіх абяцаных 500 долараў у наступным годзе не будзе, прычым да той пары, пакуль у краіне не будзе рэформаў», – заўважыў спадар Корбан.

Пакуль ніякіх рэпрэсіяў за акцыю ў дачыненні актывістаў не было.

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu