Актывіст з Бярозы: У РАУС пыталіся, ці «вырашыце пытанне з дэкрэтам»


Сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі сёння ледзь не стаў ахвяраў правакацыі з удзелам міліцыянтаў.

У адзін дзень затрымлівалі два разы. Актывіст Абʼяднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў, які жыве ў Бярозе, стаўся адным з рухавікоў пратэсту ў Берасці супраць дэкрэту аб дармаедстве. Цяпер на яго ціснуць праз затрыманні і правакацыі.

Першы раз Кабанава затрымалі раніцай, калі актывіст паскардзіўся міліцыі з патруля на неадэкватныя паводзіны мінака. У пастарунак забралі абодвух. Пазней праз некалькі гадзінаў міліцыянты заявілі, што на Кабанава паступіла скарга – нібыта ён лаяўся і хуліганіў. Актывіст лічыць гэтую сітуацыю яўнай правакацыяй і спробай паралізаваць падрыхтоўку да чарговага Маршу недармаедаў у Берасці, які пройдзе 5-га сакавіка.

«Шмат каго з міліцыянтаў дакрануўся гэты дэкрэт, наколькі я ведаю, сваякам шмат каго з супрацоўнікаў РАУС прыйшлі «лісты шчасця». І мне нават сёння задавалі пытанне: «Вы вырашыце з гэтым дэкрэтам ці не? Адменяць яго ці не? Бо нас гэта таксама тычацца». Мяне проста крыху ведаюць у РАУС, шмат знаёмых там, і супрацоўнікі апускаюць вочы ў падлогу – з-за тых дзеянняў, якія яны здзяйсняюць у дачыненні да мяне, бачна, што ім не па сабе. І ў міліцыя, я думаю, сітуацыя цяпер не самая лепшая. У іх там скарачэнні, таксама будуць беспрацоўныя, заробак не самы высокі – можа і высокі, калі параўноўваць, але грошай не хапае. Але пакуль што яны выконваюць загады», – заявіў Аляксандр Кабанаў.

Чытайце таксама: