Актывіст са Светлагорску: Будзем патрабаваць спынення незаконных выкідаў


Для «Белсату» няма забароненых тэмаў. Менавіта таму мы сочым, у тым ліку, і за развіццём сітуацыяў, ад якіх смярдзіць у літаральным сэнсе. Сёння гаворка – пра Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. Мясцовыя жыхары, у прыватнасці з вёскі Якімава Слабада, якім чыноўнікі навязалі гэткае непрыемнае суседства, скардзяцца: прадпрыемства сапсавала ім жыццё.

Рэзкі смурод, які разносіцца ад прадпрыемства, чыноўнікі тым часам лічаць з’явай нармальнай і бяспечнай: падумаеш, тухлай квашанай капустай пахне! Між тым гаворка вядзецца пра сярністы газ, які паражае бранхіёлы лёгкіх і рэзка павялічвае доўгатэрміновую рызыку хваробаў дыхальных шляхоў. Адной з прычынаў смуроду называецца збой ачышчальнага абсталявання кітайскай вытворчасці.

На 8 лютага ў Светлагорску, ля гандлёвага цэнтру «Бярозкі» запланаваны пікет супраць дзеянняў камбінату.

Пра праблемы ў Светлагорску ў «Гарачым каментары» распавёў краязнаўца, грамадскі актывіст Тэльман Маслюкоў.

«Мы будзем патрабаваць адназначна спыніць любыя працы, звязаныя з незаконнымі выкідамі метылмеркаптану ў паветра, таму што ў прыродаахоўным дазволе, выдадзеным заводу, не прадугледжваецца выкід гэтага газу», – заявіў Тэльман Маслюкоў.

Фота на застаўцы да відэа з сайту Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату