Ахова гіпермаркету «Карона» зноў трапіла ў скандал з пакупнікамі


Ахова менскага гіпермаркету «Карона» ужо не першы раз робіцца героем скандалаў з пакупнікамі. Апошні выпадак здарыўся напрыканцы студзеня.

Іван Цырульнікаў разам са сваім сабачкам 21-га студзеня прыехаў да гандлёвага цэнтру «Карона» ў Менску.

«Я не захацеў пакідаць Бусю ў машыне, каб яна не змерзла. Але на рукі я яе не мог узяць, бо на ўваходзе была слота, і яна запэцкала лапы, – прыгадвае той дзень спадар Іван. – Пабачыў, што на першым паверсе прыбіральня зачыненая, і накіраваўся на другі паверх».

Калі мужчына прайшоў амаль увесь другі паверх па коле, да яго падышоў ахоўнік і запатрабаваў тэрмінова пакінуць гандлёвы цэнтр.

«Я вельмі здзівіўся, сказаў, што не гатовы ўступаць з ім у дыялог у такім выпадку. Я прыйшоў сюды праз патрэбу, зайду ў прыбіральню і адразу пакіну гэтую ўстанову. І мы разышліся ў розныя бакі», – распавядае Іван.

На выхадзе з прыбіральні Івана ўжо чакаў міліцыянт.

«Малады чалавек, вы затрыманы, хадземце са мною ў пакой міліцыі». Гэта было маё другое здзіўленне, – прыгадвае падзеі таго дня наш герой. – Я запытаўся: «А якія ў вас падставы мяне затрымліваць?» На што міліцыянт адказаў: «Хадзем-хадзем, я табе пакажу і падставы, і абгрунтаванне».

Паведаміўшы міліцыянту, што такія прычыны затрымання не прадугледжаныя законам, Іван пайшоў у бок выхаду з крамы, дзе яго схапілі. Мужчыну павалілі і некалькі разоў ударылі, спрабуючы апрануць кайданкі, а затым адвезлі ў РАУС. Там на яго склалі пратакол… за выгул сабакі ў неналежным месцы.

«Па пратаколе мне выпісалі штраф дзве базавыя велічыні – 51 рубель. Я з гэтым пагадзіўся, каб хутчэй скончыць з гэтаю справаю», – кажа мужчына.

«Зараз мы вам зробім працяг»

Калі ж Іван паведаміў, што хоча падаць скаргу на дзеянні ахоўнікаў «Кароны», выпускаць яго з-пад варты міліцыянты адразу перадумалі.

«Працаўнік міліцыі ўсміхнуўся і сказаў: «Ага, значыць, вы жадаеце працягу, зараз мы вам зробім працяг», – узгадвае Іван.

Мужчыну зноў павезлі ў «Карону», потым праверылі на алкаголь – толькі тады сабаку Бусю забрала жонка Івана. Па вяртанні ў РАУС мужчыну скруцілі рукі і змясцілі ў адзіночку, не даўшы нават папіць. Нараніцу Івана чакаў суд.

«Каб вы разумелі, паводле артыкулу 23.4 КААП РБ, якія я парушыў, прадугледжаны штраф ад 2-х да 50 базавых. Мне далі амаль максімальны штраф», – кажа мужчына.

За непадпарадкаванне патрабаванням міліцыянтаў спадару Івану прысудзілі 45 базавых велічыняў – Br 1147,5. Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру «Вясна» у такіх выпадках раіць звяртацца ў Следчы камітэт ды пракуратуру са скаргамі на жорсткае абыходжанне.

«Дамагацца правядзення праверкі на прадмет наяўнасці ў дзеяннях працаўнікоў складу крымінальнага злачынства, – падкрэслівае П. Сапелка. – Так, сапраўды гэта складана, але я мяркую, што толькі калі кожны або максімальная колькасць асобаў будуць абскарджваць незаконныя дзеянні і дамагацца правядзення максімальна аб’ектыўнага расследавання, то справа пакрысе пачне рухацца наперад».

За восем гадоў, што Буся жыве ў Івана, яна ніколі не мела ні аброжка, ні шворкі.

«У мяне на тэлефоне каля 40 тысяч фотаздымкаў, з якіх мінімум тысяча фота – сабака ў розных установах», – адзначае Іван.

Усе нашыя спробы звязацца са службаю аховы гандлёвага цэнтру «Карона» не прынеслі плёну.

Цяпер Іван Цырульнікаў чакае апеляцыі. І плануе ўсімі магчымымі спосабамі даказваць неправамернасць дзеянняў ахоўнікаў «Кароны».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • У Наваградку неадрамантаваны дах стварае жыхарам шмат нязручнасцяў
  • На Слонімшчыне вяскоўцы засталіся амаль без вады
  • Беларусы – пра адсутнасць камунікацыяў у вёсках
  • Жанчына атрымала працоўную групу інваліднасці, але працаваць не ў стане

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.