Агенты ці змагары за Беларусь? Шукаем праўду пра КПЗБ

У Польшчы іх называлі савецкімі шпіёнамі, а ў СССР – польскімі. Чым насамрэч займаліся чальцы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі? Высвятляем у новым выданні белсатаўскага ток-шоу «Intermarium».

КПЗБ, якою кіравала Масква, была створана ў кастрычніку 1923 года, каб дэстабілізаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў міжваеннай Польшчы. Яе чальцы разгарнулі актыўную прапагандысцкую дзейнасць з мэтай адарваць тэрыторыю Заходняй Беларусі ад Польшчы і далучыць да БССР. Агітатары пераконвалі, што ў савецкай Беларусі жывецца лепш, чым у Польшчы, і кожная калгасніца можа набыць сабе ўсё, што захоча.

Як з беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў ляпілі савецкіх людзей

Партыя ахапіла ўсю тэрыторыю Заходняй Беларусі, Сувальшчыну і Віленшчыну. З першых дзён свайго існавання яна спалучала легальную дзейнасць з антыдзяржаўнымі радыкальнымі акцыямі. За гэта яе і забаранілі польскія ўлады.

У КПЗБ уваходзілі не толькі беларускія сяляне, але і эсэры, якія сядзелі ў польскіх турмах, а таксама ўдзельнікі Слуцкага паўстання, якія яшчэ колькі гадоў таму вялі збройную барацьбу з бальшавікамі. У той жа час, у шэрагах КПЗБ было нямала прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, для якіх галоўным пунктам на павестцы дня было нацыянальнае адраджэнне.

«Тое, што змагаліся з КПЗБ палякі, цяжка асуджаць, таму што гэта партыя была яўна антыдзяржаўная, – зазначае ў студыі «Intermarium» кандыдат гістарычных навук і сталы аўтар часопіса «Наша гісторыя» Аляксандр Пашкевіч. – Але быў таксама іншы аспект: пад марку барацьбы з КПЗБ часта падганялі арганізацыі, якія да камунізму ці не мелі зусім адносінаў, ці мелі адносіны ўскосныя […] Тую ж беларускую «хадэцыю», іншыя партыі, якія нават называліся паланафільскімі […] Яны былі зацікаўленыя ўсё, што не ўпісвалася ў польскую нацыянальную ідэялогію, зачыніць, забараніць».

Пад арганізацыйным уплывам КПЗБ у 1926 годзе аформілася масавая палітычная арганізацыя – Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) на чале з вядомым беларускім вучоным, грамадскім дзеячам Браніславам Тарашкевічам. Польскі ўрад разграміў Грамаду, кінуўшы за краты некалькі соцень актывістаў.

Па іроніі лёсу, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР большасць дзеячаў КПЗБ і БСРГ трапіла ў жорны савецкай рэпрэсіўнай машыны ўжо як польскія агенты. Цікавую акалічнасць агучыў яшчэ адзін удзельнік ток-шоу «Intermarium» Адам Сулаўка, доктар гісторыі, спецыяліст Бюро вайсковай гісторыі (Варшава, Польшча).

Чальцы КПЗБ, якія прайшлі праз сталінскія турмы, пасля вайны ў межах рэпатрыяцыі пераехалі ў Польшчу. «І гэта свайго роду парадокс», – гаворыць ён.

17 верасня 1939 года: вызваленне ці акупацыя Беларусі?

Дыскурс у адносінах да КПЗБ у Беларусі змяніўся з усхвалення падчас хрушчоўскай адлігі да цалкам супрацьлеглага ў часы незалежнай Беларусі – што гэта бандыты і тэрарысты. Паколькі КПЗБ кіравалася з Масквы праз Менск, гэта дае падставы некаторым даследчыкам адмаўляць ролю партыі ў беларускім нацыянальна-вызвольным руху.

У Польшчы ж пра КПЗБ пішуць выключна як пра агентуру Савецкага Саюзу, бальшавіцкіх дыверсантаў і шпіёнаў. Гэта вельмі негатыўна адбілася на іміджы ўсіх польскіх беларусаў, дадае ўдзельніца дыскусіі Лена Глагоўская, доктар грамадскіх навук, прафесар універсітэту імя Казімера Вялікага ў Быдгашчы. Кіруючыся такой логікай, гаворыць яна, у гады Другой сусветнай вайны любы беларус мог быць названы камуністам і трапіць у рукі немцаў.

«Дзейнасць [заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх] камуністаў нельга ацэньваць станоўча ці адмоўна, гэта ўсё не чорна-белае, – мяркуе яшчэ адзін госць студыі Ігар Райкіўскі, доктар гістарычных навук, прафесар Прыкарпацкага нацыянальнага ўніверсітэту (Івана-Франкоўск, Украіна).

Навуковец падкрэслівае, што яны не ўпісаліся ні ў польскую сістэму, ні ў савецкую. «Гэта трагедыя людзей, якія памыліліся, якія паверылі ў ідэю, якую немагчыма здзейсніць», – лічыць ён.

Сталін і Беларусь: таямніцы архіваў

Дык чаго ў дзеяннях чальцоў КПЗБ было болей: чорнага ці белага? Глядзіце новае выданне ток-шоу «Intermarium» (відэа наверсе).

ІА, belsat.eu

Глядзець іншыя выданні ток-шоу «Intermarium»

Больш матэрыялаў

Былі расстраляныя 3 рэктары БДУ, 10 рэдактараў газеты «Звязда». Як знішчалі Беларусь

Ці мы гэтак жа пераможам Лукашэнку, як палякі перамаглі камуністаў?

Як Расея магла знікнуць з мапы свету і прычым тут беларусы

«Беларусаў называлі туземцамі». Як Расейская імперыя рабавала ВКЛ

Беларусы пацярпелі найбольш? Як Крэмль ставіў эксперыменты над народамі

Як Сталін дапамог Гітлеру пачаць вайну

Касцюшка: навошта беларусы адмаўляюцца ад героя?

Ці выжыла б ВКЛ без палякаў?