АЭС вызваліць нас ад Расеі?


Пытанне энергетычнай бяспекі сёння для Беларусі стаіць востра, як ніколі раней. Улады шукаюць новыя крыніцы імпарту нафты і рыхтуюць да запуску Астравецкую АЭС. Згодна з афіцыйнымі паведамленнямі, адбыцца гэта можа ўжо неўзабаве.

Пра тое, наколькі блізкі для нас час Х, калі АЭС пачне працаваць, і што варта рабіць, каб мінімізаваць наступствы, у эфіры «Размовы» гутарку вядуць Святлана Калінкіна і аналітык беларускай партыі «Зялёныя» Павел Гарбуноў. Эксперт зазначыў, што ў гісторыі былі выпадкі, калі цалкам гатовыя атамныя электрастанцыі не пачыналі працы. Але ці развяжа гэта беларускія праблемы?

Павел Гарбуноў звяртае ўвагу, што атамная энергія – самая дарагая. Яе сабекошт складае 11–18 цэнтаў за кілават-гадзіну. Энергія, якую дае вятрак, усталяваны ў вёсцы Грабнікі (Наваградскі раён Гарадзенскай вобласці), каштуе 3,5 цэнта. Пры гэтым, патрэбы Беларусі – значна меншыя за аб’ёмы, якія будзе вырабляць Астравецкая АЭС. А знайсці пакупнікоў – вялікая праблема.

Трэці мінус – атамная электраэнергія ставіць пад пытанне канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў у Еўразвязе.

«Цяпер краіны ўсурʼёз абмяркоўваюць, што такое зялёная электраэнергія, што такое – шэрая і што такое – чорная. Для Беларусі АЭС можа быць кепскай картай. Калі, напрыклад, іншыя краіны адмовяцца набываць прадукцыю, зробленую з выкарыстаннем чорнай энергіі. І Беларусь будзе закладнікам сітуацыі», – тлумачыць эксперт.

І яшчэ адзін недахоп: паліва для АЭС павінна пастаўляць Расея, ад якой мы і так залежым у плане нафты. Што рабіць?

«Мае быць палітычнае рашэнне адкласці запуск. Прычым, рашэнне гэтае мае быць вельмі прагматычнае. Гэта не павінна быць умоўная новая вайна з Расеяй: вы нам паліва не даяце, значыць, мы вам АЭС не запусцім. Трэба выходзіць у нармальную сферу эканомікі, – выказаўся Павел Гарбуноў. – Трэба разумець, што праца з Расеяй па завозе паліва – гэта новыя праблемы з гандлем. Могуць быць новыя эканамічныя войны за цану паліва, за ўтылізацыю. Думаю, урад Беларусі не зацікаўлены сябе яшчэ больш прывязваць да Расеі».

Што будзе, калі Беларусь не запусціць АЭС?

«Думаю, трэба пачаць аддаваць Расеі крэдыт, за які станцыю будавалі. Адкуль узяць на гэта грошы? Беларусь можа знайсці некалькі добрых партнёраў. Гэта могуць быць краіны Еўразвязу, напрыклад, тая ж Літва».

І гэта, падкрэслівае суразмоўца, крыніца не адзіная. Адкуль яшчэ можна ўзяць грошы і як нам вырвацца з энергетычных абдымкаў Расеі? І што калі запуск усё ж такі адбудзецца? Дазнайцеся з «Размовы» Святланы Калінкінай і аналітыка беларускай партыі «Зялёныя» Паўла Гарбунова.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас:

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.