«Адзін пояс – адзін шлях»: Лукашэнка на саміце ў Кітаі


На праект стагоддзя «Адзін пояс – адзін шлях», які мае стварыць шырокую інфраструктурную сетку ад заходніх межаў Кітаю праз краіны Сярэдняй Азіі ды Іран у Еўропу, спатрэбяцца дзясяткі трыльёнаў долараў. Саміт, што дае старт праекту, пачаўся ў Пекіне.

«У часы, калі краіны існуюць ва ўзаемазалежнасці, а глабальныя пагрозы ўспыхваюць пастаянна, ніводная краіна самастойна не можа развязаць праблемаў, з якімі сутыкаецца свет», – кажа прэзідэнт Кітаю Сі Цзінь Пін.

Гэтымі словамі прэзідэнт Кітаю Сі Цзінь Пін адкрыў міжнародны эканамічны форум «Адзін пояс – адзін шлях». У Пекін прыехалі 29 кіраўнікоў дзяржаваў.

«Адзін пояс – адзін шлях» – канцэпцыя, прэзентаваная Кітаем у 2013 годзе, – можа стацца адным з самых буйных праектаў за гісторыю чалавецтва. Плануецца, што глабальная інфраструктурная сетка закране больш за шэсцьдзесят краінаў з агульным насельніцтвам амаль 4,5 мільярды чалавек.

«Кітай мае намер укласці ў развіццё праекту дадатковыя 100 мільярдаў юаняў», – кажа прэзідэнт Кітаю Сі Цзінь Пін.

Кітай больш за ўсіх зацікаўлены ў рэалізацыі праекту, які дазволіць яму дамінаваць у сусветнай эканоміцы. У той жа час Еўразвяз патрабуе большага доступу на кітайскія рынкі, а такі маштабны праект немагчыма падняць без удзелу міжнародных фондаў.

«Кітайскія кампаніі маюць поўны доступ да еўрапейскага рынку, але, на жаль, гэта не адносіцца да еўрапейскіх кампаніяў на кітайскім рынку. Летась еўрапейскія інвестыцыі ў Кітай упалі на 23 адсоткі, і гэта самы нізкі паказнік за апошнія 10 гадоў», – сказаў віцэ-старшыня Еўракамісіі Юркі Катайнэн.

У развіцці праекту «Адзін пояс – адзін шлях» зацікаўленыя і краіны Еўразійскага саюзу. Сярод іншага, адзін з праектаў – хуткасная чыгуначная магістраль – плануе злучыць Пекін з Масквою праз Алматы за два дні, а далей праз Менск шлях будзе пракладзены ў Заходнюю Еўропу.

«Расея бачыць будучыню еўразійскага партнёрства не толькі ва ўсталяванні новых сувязяў паміж краінамі ды эканомікамі, але і ў змене палітычных і эканамічных ландшафтаў кантыненту», – заявіў Пуцін.

Нягледзячы на амбіцыі лідараў некаторых краінаў і перспектывы, выкладзеныя на паперы, дагэтуль няма дакладнага ўяўлення, як жа будзе выглядаць у канчатковым выніку глабальны праект стагоддзя.

У створаны інвестыцыйны фонд «Сілк Ўэй Роўд» з 2015 года краіны-ўдзельніцы ўнеслі ўжо 40 мільярдаў долараў. Для поўнай рэалізацыі праекту спатрэбяцца сумы, што лічацца на трыльёны долараў.

Ігар Віняўскі belsat.eu