Адвакаты незадаволеныя вынікамі расследавання забойства Нямцова


Яны не атрымалі адказу на галоўнае пытанне: хто замовіў забойства вядомага палітыка.

«Доказная база ў пэўным абʼёме існуе. У мяне склалася цвёрдае перакананне, што прынамсі частка абвінавачаных датычныя да выканання дадзенага забойства. У прыватнасці я ў гэтым перакананы», – мяркуе Вадзім Прохараў, адвакат сям’і Нямцовых.

На лаве падсудных – Заур Дадаеў, браты Анзор і Шадыт Губашавы, Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў. Падчас сённяшняга судовага паседжання пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэнне. Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны. У сваю чаргу пацярпелы бок і ягоная абарона хадайнічаюць аб аднаўленні следства. Яны мяркуюць, што забойства Барыса Нямцова па-ранейшаму не раскрытае, бо дасюль не затрымалі арганізатара і замоўніка злачынства, а матывы і мэты застаюцца няясныя.

«Мы не аднойчы заяўлялі хадайніцтвы дапытаць шэраг высокапастаўленых асобаў у Чачэнскай рэспубліцы (з Рамзанам Кадыравым уключна). Гэта не было зроблена. Мы спадзяемся, што дадзены судовы працэс дазволіць атрымаць дадатковыя аргументы», – кажа Вадзім Прохараў.

Глядзіце таксама >>> За што забіваюць у Расеі?

На пачатку следства абвінавачаныя ў забойстве Дадаеў і браты Губашавы прызналі сваю віну, але пасля змянілі пазіцыю. Яны патлумачылі, што ранейшыя паказанні давалі пад ціскам. Арганізатарам забойства следства лічыць Руслана Мухудзінава, які дагэтуль застаецца ў міжнародным крымінальным вышуку. Паводле назіральнікаў за працэсам, усялякія спробы замінаць у пошуках арганізатараў і замоўцаў зразумелыя.

«Наступная прыступка выводзіць на эліту Чачэніі, на тых, хто прымае рашэнні ў межах усёй рэспублікі. Для адвакатаў відавочна, што замоўнікі, ініцыятары і плацельнікі – у Грозным. Праз іх можна зразумець, ці ёсць нейкая лінія ў Крэмль», – заўважае Анастасія Сяргеева з асацыяцыі «За свабодную Расею».

Зрэшты, справу Барыса Нямцова выключэннем лічыць не даводзіцца.

«Ва ўсіх гэткіх справах, пачынаючы з 1990-х гадоў, сцэнар прыкладна аднолькавы. Адбываецца нейкая праца з выканаўцамі, але на наступныя ўзроўні гэтыя справы не выходзілі», – працягвае Анастасія Сяргеева.

Апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова забілі 27 лютага 2015 года ў Маскве. Паплечнікі вядомага апанента Крамля не сумняюцца, што справа мае выключна палітычны характар.

Ян Бабіцкі