Адстаўныя сілавікі падмялі кветкавы бізнес


Нашае расследаванне «Давайце разбірацца», супольна з інтэрнэт-выданнем Naviny.by, выявіла схемы, пры дапамозе якіх структуры, звязаныя з атачэннем і сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі падмялі пад сябе кветкавы бізнес у Беларусі і Расеі і ўводзяць дзясяткі мільёнаў долараў з бюджэтаў абедзвюх краін. За апошнія 6 гадоў Беларусь забрала больш за палову расейскага рынку імпартавых кветак, нарасціўшы экспарт туды ў 200 разоў.

 

З кожных трох кветак, што звозяць у Расею, дзве – беларускія. Разам з тым у 2013 годзе Беларусь на суседнім рынку кветак увогуле не фігуравала. Адмыслоўцы ж адзначаюць: уласная вытворчасць у Беларусі сапраўды ёсць, прычым – неблагая. Аднак гэткіх вытворцаў няшмат, сцвярджае Максім Бабко, уласнік кветкавае інтэрнэт-крамы:

«Сёння ў нас 4 буйныя вытворцы ружаў. Гэта Ждановічы, гэта цяплічны камбінат, гэта «ДорОРС». Гэта тры дзяржаўныя кампаніі. І чацвертая прыватная – гэта «Donna Rosa». Нашая беларуская ружа, што вырошчваецца ў Беларусі, вельмі якасная, але яе не стае для нутранога аб’ёму».

Беларуская ружа – тавар дэфіцытны, якога бракуе і на нутраным рынку, таму яе не экспартуюць, падкрэслівае Максім Бабко:

«Бывае, я саджуся з раніцы – у нас заканчваецца чырвоная ружа. Мы ў нейкі дзень можам зняць з сайту чырвоную ружу, бо няма магчымасці яе набыць».

У сярэдзіне 2015-га Расея ўвяла санкцыі на ўвоз кветак з Галандыі, а потым і з Турцыі, што ў часе супала з тым, як Беларусь пачала імкліва нарошчваць іх імпарт.

Максім распавёў, адкуль кветкавы тавар трапляе ў Беларусь:

«Бальшыня кветак – з Галандыі, Нідэрландаў. Туды сцякаюцца кветкі з усяго свету. Кенія, Эквадор, у тым ліку еўрапейскі рынак вырошчваецца, трапляе на аўкцыён, на аўкцыёне купляецца і вязецца ў Беларусь ды іншыя краіны».

Летась Беларусь імпартавала амаль 900 мільёнаў сцяблін кветак. І прыблізна столькі ж экспартавала ў Расею. Гуртавы кошт гэтых аб’ёмаў на галандскай кветкавай біржы – амаль 400 мільёнаў долараў.

 

Вывучаючы статыстыку імпарту і экспарту кветак, журналіст выдання Naviny.by Алесь Ярашэвіч, суаўтар расследавання, заўважыў, што, паводле звестак «Белстату», Беларусь купляе кветкі па 36 цэнтаў за штуку, і гэта адпавядае сусветным коштам. У Расею іх прадаюць па 8 цэнтаў за штуку. То бок – у чатыры разы танней, чым купляюць.

«У мяне ўзнікла пытанне: як можа існаваць такі бізнес, калі ты траціш больш грошай на куплянне кветак, чым зарабляеш на іх збыце? Гэта проста стратны бізнес».

Так, з краіны паводле гэтае схемы вывелі летась амаль 300 мільёнаў долараў. Тады як на імпарт кветак выдаткавалі 370 мільёнаў долараў, а ад іх экспарту ў краіну паступіла толькі 85.

 

Акрамя таго, Беларусь не атрымала з апісанае схемы падаткаў і вызваліла ад іх сотні мільёнаў долараў іншых даходаў названых рээкспарцёраў. Пра акалічнасці схемы распавёў Аляксей Анціпаў, старшыня Нацыянальнай асацыяцыі кветкаводаў у Расеі:

«У Беларусі ёсць ажно 200 кампаніяў, якія прэзідэнтам вызваленыя ад выплаты ПДВ. Яны былі створаныя, каб дапамагаць беларускім прадпрыемствам. Але пачыналі злоўжываць. І як гэта выглядае, то ёсць мыта, плаціцца яно ў раёне 5 працэнтаў, а ад ПДВ яны вызваленыя».

Схема працуе наступным чынам. Кветкі завозяць у Беларусь – і, паводле заканадаўства, прадпрымальнік павінен заплаціць з гэтага мыта 5 % і 20 % падатку на дададзеную вартасць. Яшчэ 18 % ён заплаціць з прыбыткаў. Да таго ж 13 % складае падатак на дывідэнд – каб законна вывесці грошы з фірмы і пакласці іх сабе ў кішэню.

 

Але насамрэч з гэтага ўсяго рээкспарцёры плацяць толькі мыта 5 %. Прыбыткамі і дывідэндамі не дзеляцца з дзяржавай увогуле. А падатак на дададзеную вартасць плацяць у Расеі, які ў 5 разоў ніжэйшы – дзякуючы заніжэнню экспартных коштаў, распавядае Алесь Ярашэвіч:

«Карыстаюцца такой дамовай, якая складзена з пастаўшчыкамі кветак з Галандыі, напрыклад. І там пазначана, што, паводле гэтай дамовы, у іх ёсць мажлівасць рабіць зніжкі на кветкі да 90 адсоткаў. Калі гэтыя кветкі прыязджаюць у Расею і трэба плаціць увазны ПДВ, атрымліваецца, што кветка, якая, напрыклад, на ўваходзе каштуе 1 долар, каштуе ўжо 10 цэнтаў. І ўвазны ПДВ – там падаткі плацяцца не з долара, а з 10 цэнтаў».

Тым часам мытнікі маюць рэферэнтавыя зборнікі, якія арыентуюць іх у рэальных коштах дэклараваных тавараў. Выяўляць фіктыўнае заніжэнне вартасці продажаў – іхны наўпроставы абавязак. Але за датрыманнем закону органы кантролю сочаць у выпадку звычайных грамадзян ці прадпрымальнікаў. На кветкавых магнатаў агульныя законы і абавязкі плаціць падаткі не распаўсюджваюцца, лічыць Алесь:

«Я, напрыклад, бізнесмен і хачу ўвозіць кветкі, а потым іх перапрадаваць у Расею, то мне гэтага проста не дадуць зрабіць. Як гэта выглядае: паводле гульцоў, ты прыязджаеш на мытню размытняцца, і табе трэба зрабіць фітасанітарны сертыфікат рээкспартны. І табе яго замест 3 гадзін будуць рабіць 3 дні. А можа, і тыдзень. І гэтыя кветкі ў цябе завянуць. Адзін раз табе робяць 3 дні або тыдзень, другі раз… і ты проста разумееш, што табе не дадуць займацца гэтым бізнесам».

Дзякуючы пазбяганню бальшыні падаткаў, беларускія рээкспарцёры прапануюць у Расеі кошты ніжэйшыя за рынкавыя. А потым вязуць частку гэтых кветак прадаваць назад у Беларусь, адзначае Аляксей Анціпаў з расейскай асацыяцыі кветкаводаў:

«Нажываюцца канкрэтныя людзі, дзяржава беларуская траціць грошы. Проста траціць. Паводле нашае ацэнкі, дзяржава на асаблівым мыце, на ПДВ, дзесьці 17 мільярдаў рублёў траціць штогод. З гэтага ПДВ 6-7 мільярдаў вашых. Каму гэта ўсё ў кішэню ідзе? Чалавека, якім прыкрываюцца, мякка кажучы, гэтыя зладзюжкі».

Як пацвердзілі некалькі крыніцаў, беларускія і расейскія вытворцы ды звычайныя імпарцёры, якія плацяць са сваёй дзейнасці падаткі, звярталіся ў адпаведныя кантрольныя ведамствы з просьбамі абараніць ад стратаў, выкліканых несумленнаю канкурэнцыяй. Але безвынікова.

На сайце Менгарвыканкаму найбуйнейшымі дастаўцамі кветак у Беларусь названыя такія кампаніі, як «Логекс», «Глобалкастам» і «Газ Венчуре».

 

 

У жніўні 2019 года дзве з іх – «Логекс» і «Глобалкастам» – фігуруюць у зводках Рассельгаснагляду. Кветкі, якія названыя фірмы везлі з Менску ў Расею, прыпынілі ў Смаленску.

«ТАА «Альфа Транс Терминал» адмыслоўцамі кіраўніцтва Рассельгаснагляду ў Бранскай ды Смаленскай вобласцях не дазволены ўвоз свежых ружаў. Кветкі паходжаннем з Эквадору прызначаліся для аднаго са смаленскіх гаспадарчых суб’ектаў. Экспарцёр – ТАА «Логекс», г. Менск».

 

У тыя самыя зводкі ў 2018-м трапіў і дзяржаўны лагістычны аператар – арганізацыя «Белмытсэрвіс», што везла ружы ў Маскву.

 

Атрымліваецца, рээкспартам займаецца і яна. Апошняе на ўмовах ананімнасці нам пацвердзіла яшчэ некалькі крыніц.

Фірма «Глобалкастам» была створаная ў верасні 2015 года.

 

 

І ўжо працавала паводле апісанае схемы. У 2017 годзе ў Расеі груз гэтае фірмы затрымалі з кантрабандавай брэндавай вопраткаю, што паводле папераў праходзіла як тканіна. Завозілі яе не наўпрост праз Украіну, а праз Польшчу, Літву і Беларусь.

 

 

У Каўнасе афіляваная лагістычная фірма «Lavisos Lez terminalas», выдавала дадатковы пакет дакументаў, паводле якіх фура вязе не вопратку, а тканіну. Таму што тканіна мае меншую мытную стаўку і значна меншы кошт, з якога і вылічваецца размер мытнага падатку. На кожнай фуры вопраткі пад выглядам тканіны эканомяць каля 50 тысяч долараў. Пасля вопратка, часта з Расеі, завозіцца ізноў і трапляе на беларускія паліцы. Затрымаўшы партыю гэткае вопраткі, Масква скіравала Менску прэтэнзію.

Адбыўся суд. Аднак пакаралі, увага, не ўласнікаў лагістычнае фірмы «Глобалкастам», што набывала вопратку, размытнёўвала яе. Пакаранымі апынуліся ўласнік і кіроўца аўтамабіля.

 

 

 

Хто стаіць за фірмаю «Глобалкастам» – распавядае журналіст Алесь Ярашэвіч:

«Раней, па сутнасці, была адная кампанія, якая называлася «Глобалкастам», і ўладальнікамі гэтай кампаніі былі і з’яўляюцца Ганна Хмялеўская, грамадзянка Украіны, і грамадзянка Беларусі Ганна Пушкарова. Не так даўно адбылася рэарганізацыя гэтай структуры. Была створана кампанія «Глобалкастам-менеджмент». І новымі ўладальнікамі гэтай кампаніі сталі Аляксандр Раманоўскі і Яўген Жоўнер».

Аляксандр Раманоўскі валодае доляй у кампаніі «ЮРАНЭКС-бяспека». Ягоны партнёр у бізнесе – былы прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын. Ім належыць па 38 % у статутным фондзе. Яшчэ 24 % належыць «Клубу вялікага спорту», асноўны від дзейнасці якога – гандаль малюскамі ды крэветкамі.

 

 

«Глобалкастом-менеджмент» валодае 75 % у кампаніі «Белгеапошук». Астатняя чвэрць належыць дзяржаўнаму прадпрыемству «Белзамежгандаль», што падпарадкоўваецца Кіраўніцтву справамі прэзідэнта.

Эканаміст Андрэй Суздальцаў каментуе сітуацыю:

«Мы разумеем, што яны «крышуюць» кантрабанду, рэч у тым, што кантрабандавая галіна ў Беларусі – дзяржаўная».

Пункт мытнага афармлення «Глобалкастом», у сваю чаргу, месціцца ў гандлёва-лагістычным цэнтры «Белмытсервіс». У яго адкрыцці браў удзел Віктар Шэйман.

Некалькі крыніц пацвердзілі нам сувязь «Глобалкастаму» і Віктара Шэймана. Эканаміст Андрэй Суздальцаў акрэслівае маштабы схемы:

«Іх «крышуе» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Таму што яны забяспечваюцца дакументамі дзяржаўнага ўзору. Санітарныя лекары – галоўнае злучнае звяно дзяржавы і гэтых фірмаў. Гэта галіна, там працуюць дзясяткі тысяч людзей. Грузавікі ходзяць, транспарт, яна дае прыбытак».

У адным будынку з офісам «Глобалкастам-менеджмент», месціцца фірма «Брэміна-Груп», чый мытны прадстаўнік – «Газ Венчуре». Але сама яна месціцца ў Аршанскім раёне, які Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад падаткаў. «Газ Венчуре» – яшчэ адная фірма, якая адзначылася рээкспартам кветак і якую расейскія мытнікі раней разам з «Глобалкастом» абвінавачвалі ў экспарце «санкцыёнкі».

Уласнага сайту ў фірмы «Газ Венчуре» няма, але свае кантакты, што яна падае для бізнес-партнёраў, – гэта кантакты фірмы «Брэміна-Груп».

Суўладальнікі кампаніі «Бреміна-Груп» – Аляксей Алексін, Мікалай Верабей ды Аляксандр Зайцаў.

Уладальнікі «Газ Венчуре» – кіпрыёцкая кампанія «Maylen Limited» і кампанія «Feloren Limited». Імі кіруе літоўская фірма «Lewben». Кампанія мае прадстаўніцтвы ў Галандыі, на Кіпры і ў Вільні.

 

 

 

 

Акрамя таго, на кватэры Алексіна ў Вільні зарэгістраваная кампанія «Paralama», якой валодаюць галандскі фонд «Paralama Stichting» і кіпрыёцкая кампанія «Tenolet ltd», якой таксама кіруе «Lewben». І яшчэ адная фірма Аляксея Алексіна «Lexie Ventures» – належала фірме «Amber Investmentsu» і ёй таксама кіруе «Lewben».

 

Партнёр Аляксея Алексіна ў справах фірмы «Брэміна-Груп» – былы памочнік Віктара Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў, таксама карыстаецца паслугамі афшорнай фірмы «Lewben».

Аляксандр Зайцаў.
Фота: pressball.by

Пра тое, як бачаць расейскія адмыслоўцы сітуацыю з беларускімі кветкамі, распавёў Аляксей Анціпаў, старшыня асацыяцыі кветкаводаў у Расеі:

«Мне цяпер эканоміка Беларусі нагадвае эканоміку 90-х гадоў у РФ. Былі афганцы, асобы з інваліднасцю, ну як на самай справе мафіёзныя структуры, якія былі вызваленыя ад мытнай выплаты і зрабілі капітал у свой час. Потым гэта ўсё зачынілі, ужо гадоў 20 гэтага няма, а тут у Беларусі гэта ўзнікла».

Менавіта пад абслугоўванне кветкавых плыняў і быў задуманы два гады таму праект асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна- Орша», пра гэта распавядаў сам былы памочнік Віктара Лукашэнкі Аляксандр Зайцаў:

«Ёсць планы стварэння кветкавай біржы для працы праз яе на рынкі рэгіёну. Плануецца ажыццяўляць перавалку не толькі замежнай кветкавай прадукцыі – напрыклад, з Эквадору, – але і кветак айчынных цяплічных гаспадарак».

Наступная фірма рээкспарцёр – «Логекс». Сярод яе заснавальнікаў – сын Аляксандра Шакуціна і ТАА «Спамаш», якое з’яўляецца дылерам «Амкадор» у Беларусі і належыць Шакуціну-старэйшаму.

 

 

Сам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў лаяльнасць Шакуціна. Апошні быў заўважаны і на таемнай інаўгурацыі. Штопраўда, у самой фірме «Логекс» нам сказалі, што гэтым бізнесам больш не займаюцца:

«Ніякімі кветкамі гэты год не займаемся. Раней займаліся, але я ж не буду там гаварыць за тое, што было да мяне».

Праўда, сям’я Шакуціных валодае яшчэ адной кампаніяй – «Белмытвілія». Паводле былога супрацоўніка беларускай фітасанітарнай службы, гэтая фірма дагэтуль займаецца рээкспартам кветак.

У «Газ Венчуре» і ў «Глобалкастам» сказалі, што зараз кветкамі не займаюцца.

Раней расейскі Мінпрамгандлю і Федэральная мытная служба даслалі адказ, што ведаюць пра названую схему, але каментаваць яе не будуць. Адвакаты рээкспарцёраў аргументуюць, што, хоць яны і пазбягаюць часткі падаткаў, але даюць працу беларускім транспартнікам і лагістам, якія перавозяць кветкі праз нашую краіну. Бо, маўляў, калі б не было падатковых ільготаў, не было б і такога масавага транзіту – дастаўцы б ехалі ў Расею праз больш прадказальную Прыбалтыку. А дзякуючы кветкаваму буму, фірма «Брэміна-Груп» пабудавала спецыялізаваны тэрмінал у Оршы, які, як мяркуюць, дасць імпульс прамысловаму развіццю гэтага раёну і створыць дадатковыя працоўныя месцы.

Згодна з нашымі падлікамі, аднак, недабор падаткаў на гэтым бізнесе – шматкроць большы, чым выгады, якія атрымлівае дзяржава. У сваю абарону рээкспарцёры сцвярджаюць, што імпартавы кошт кветак штучна завышаны – каб адпавядаць мытным зборнікам, паводле якіх плацяцца мыты. А насамрэч кветкі нібыта імпартуюцца значна танней, чым экспартуюцца, і прыбыткі дэкларуюцца ў Беларусі. Праўда, доказаў гэтага нам не паказалі.

Разам з тым, статыстыка коштаў Амстэрдамскай кветкавай біржы адпавядае тым, з якімі Беларусь імпартуе кветкі.

 

 

То бок доказаў, якія б развеялі падазрэнні ў хаванні прыбыткаў ад бюджэту, – няма.

Такім чынам, некалькі структураў за кошт заніжэння мытнага кошту рээкспартаваных букетаў хаваюць ад падаткаў сотні мільёнаў долараў. Цярпіць праз гэта бюджэт, то бок – паслугі, што дзяржава ажыццяўляе для насельніцтва, а таксам рэальныя прадпрымальнікі, якія, у адрозненне ад рээкспарцёраў, плацяць падаткі і заробкі. Звышпрыбыткі збіраюць дзялкі з атачэння Аляксандра Лукашэнкі і некалькі адстаўных сілавікоў.

Belsat.eu