«Адпусціць лейцы можа даць эфект». Артур Жоль пра ЧМ па хакеі 2021


З пабудаванай арэнай і развітай інфраструктурай Беларусь не мусіць выдаткоўваць вялікія грошы для падрыхтоўку да турніру, а саму імпрэзу павінная выкарыстаць для прасоўвання сябе як брэнду, кажа спартовы аглядальнік «Прэсболу» Артур Жоль.

Пра развіццё турызму

Спартовы журналіст Артур Жоль заяўляе ў эфіры «Белсату», што ў арганізацыйным плане хакейны турнір 2021-га года краіна павінная выкарыстаць для самарэкламы.

«Паказаць, што Віцебшчына – радзіма Шагала», – кажа Жоль. Каментатар мяркуе, што варта «выкарыстаць чэмпіянат, калі людзі ўжо будуць тут, для таго, каб яны захацелі зноўку сюды вярнуцца».

«Паводле такога ж прыкладу працуе Латвія ў прасоўванні сваёй сталіцы як брэнду», – кажа журналіст.

Пра развіццё спорту

«Сёння ёсць правільны пасыл у жаданні прызначыць на кіроўныя пасады прафесіяналаў, – лічыць Жоль. – Дзевятоўскі [кідальнік молату Вадзім Девятоўскі. – Заўв. «Белсату»] кіруе лёгкай атлетыкай, валейболам руліць чалавек з валейболу [міжнародны валейбольны арбітр Аляксандр Пясецкі. – Заўв. «Белсату»]. Але нават прафесіяналы крыху трымаюцца ў ідэалагічнай аброці. Калі ім не толькі даверыцца, але і даць магчымасць свабодна працаваць, рэалізоўваць іхныя ідэі, наагул адпусціць крыху лейцы ад спорту – гэта можа даць эфект».

Поўную размову Сяргея Падсасоннага з Артурам Жолем глядзіце ў «Гарачым каментары».