Аднавілі ўнікальную царкву 18 стагоддзя з Барані


Днямі нанова адчынілі царкву ў вёсцы Барань Аршанскага раёну. Бажніцу напаткаў няпросты лёс: у 1960-х яе зачынілі, у 1987-м – перавезлі ў музей народнай архітэктуры пад Менскам. З таго часу ад каркасу святыні мала што ацалела. Аднавілі яе фактычна з нуля.

Скансен мусіў стаць месцам захавання ўнікальных будынкаў з дрэва. Але шмат якія ляжаць разабраныя. Тым часам наведнікі Музею народнай архітэктуры лічаць важным захаванне нацыянальнай спадчыны.

«Абавязкова трэба захаваць драўляную архітэктуру, паказваць яе дзецям, каб тыя ведалі сваю гісторыю, цанілі спадчыну, – кажа наведніца Рэгіна Радзівонава. Трэба сюды вазіць дзяцей, каб яны ведалі, як жылі нашыя дзяды, прадзеды да вайны».

Адзін з самых старажытных драўляных будынкаў у краіне захаваўся ў Горадні. Гэта лямус 18 стагоддзя на тэрыторыі былога кляштару брыгітак. Дом спарахнеў і, здаецца, вось-вось разваліцца. Але ўратаваць яго паабяцалі прадстаўнікі Касцёлу. Тут створаць Музей Гарадзенскай дыяцэзіі. У кастрычніку чакаюць адмыслоўцаў з Польшчы, якія пачнуць рэстаўрацыю рэдкага ўзору беларускага дойлідства.

Максім Кот