Мaю прaвa Адна душавая на 200 чалавек і 40 гадоў без рамонту



Інтэрнат на вуліцы Астроўскага 2 у Барані, што на Віцебшчыне, лічыцца на балансе ЖЭУ № 8 – філіялу прадпрыемства «Воршакамгас». Будынак паставілі амаль сорак гадоў таму, аднак капітальнага рамонту ў ім не рабілі ні разу. Здымачная група «Маю права» накіравалася ў Барань, каб на ўласныя вочы пабачыць, у якіх умовах даводзіцца жыць людзям. Спачатку жыхары зладзілі нам экскурсію па сваіх пакоях.

«Замовіла я новую мэблю ў вітальню, мінула літаральна два месяцы, як мы тут жывем, – распавядае Алена Ягорава. – Адчыняю я шафу, а там увесь абутак і палова вопраткі – у цвілі. Пасунулі шафу – падлога ў цвілі, сцяна – у цвілі».

Жыхары мяркуюць, што прычына вільгаці ў пакоях – старая сантэхніка і трубы. У памяшканнях агульнага карыстання сітуацыя яшчэ горшая. З Тамараю Гарбацэвіч мы выпраўляемся на кухню.

«Пліты вельмі старыя і вельмі страшэнныя. Напэўна, фундаменту таго заводу ўжо не існуе, на якім яны збіраліся. Падлучаныя абы-як, вельмі небяспечна».

У гэтым баранскім інтэрнаце жывуць больш за 200 асобаў. Усім даводзіцца карыстацца адным душам, уладкаваным у сутарэнні. Відовішча сапраўды ўражвае.

«Душ, якім нам даводзіцца карыстацца ўсім па чарзе. Разам з дзецьмі, вось у такіх экстрэмальных умовах», – кажа спадарыня Тамара.

Жыхары кажуць, што ў крайнім выпадку альтэрнатываю душу маглі б быць чарупіны, якія ёсць на кожным з чатырох паверхаў. Але і іхны стан далёкі ад ідэальнага:

«Галаву і тое немагчыма памыць. Краны разваленыя, усё боўтаецца, дакрануцца страшна», – паскардзілася нам Наталля Шыкіна.

Жыхары фактычна штогод звяртаюцца ў Аршанскі райвыканкам з заклікам давесці будынак да ладу. Але далей за абяцанні камунальнікаў справа не пасунулася.

«Мы ведаем пра стан гэтага інтэрнату. Прыкладна ў такім жа стане знаходзяцца ўсе інтэрнаты ў Воршы і раёне. Таму паступова займаемся і плануем працы. Пры канцы снежня – напачатку студзеня вызначымся з тэндарамі. Канец студзеня, у лепшым выпадку, а так – у лютым распачнуцца. Таму што яшчэ трэба вызначыцца з падраднікам», – распавёў нам праз тэлефон прадстаўнік жыллёвага аддзелу Воршакамгасу.

У такіх выпадках праваабаронец Павел Левінаў раіць браць жыхарам ініцыятыву ва ўласныя рукі:

«Па-першае, навошта аплочваць тыя паслугі, якія не прадстаўляюцца? Па-другое, варта звярнуцца ў суд. У адпаведнасці з Законам абароны правоў спажыўцоў жыллёва-камунальная паслугі – гэта паслуга, якая аплочваецца, але не прадстаўляецца. Тут усе шанцы выйграць судовы разбор – прымусіць уласніка памяшкання, будынку інтэрнату, выконваць дамову па ўтрыманню гэтага будынку ў належным стане».

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Паднікольская лесвіца ў Магілёве пабудаваная з парушэннямі
  • Беларусы – пра кантраляванне бюджэтных грошай
  • Жыхары Капцёўкі скардзяцца на якасць вады.
  • У Любані ўдзельнік бойкі шукае справядлівасці

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары