Адкуль пахаванні кітайцаў у Дунілавічах?


У Дунілавічах ёсць польскія вайсковыя могілкі. Але пахаваныя там не толькі польскія жаўнеры. Верагодна, там знайшлі супакой і кітайскія байцы. Што яны рабілі ў Дунілавічах і як загінулі – у новым выданні «Загадак беларускай гісторыі».

Дунілавічы не раз апыналіся ў гушчы важных гістарычных падзеяў, як, напрыклад, Нарачанская наступальная аперацыя ў сакавіку 1916 г. Тады расейскія войскі перайшлі ў наступ, каб падтрымаць французаў, якія баранілі крэпасць Вэрдэн.

Дунілавічы ўзніклі на гэтак званым Альгердавым шляху – дарозе з Полацку на Вільню, што вылучала мястэчка сярод суседзяў. Але будаўніцтва чыгункі ўсё змяніла. Чыгуначная лінія прайшла за 10 км ад мястэчка, праз Варапаева. Гэта дало штуршок да развіцця апошняга, а Дунілавічы быццам засталіся ў мінулым.

Магчыма, таму тут зберагліся такія цуды, як Лысая гара з часава-прасторавым парталам, Чортаў камень у закінутым парку ды іншыя цікавінкі.

Што сталася з сядзібаю графаў Тышкевічаў? Што за нячыстая сіла да сёння жыве ў парку Крыкалы? Што рабіў у Дунілавічах апошні расейскі цар? Што за гісторыя трагічнага кахання 1936 г., пра якое яшчэ да нядаўняга часу людзі спявалі песні? Адкуль пахаванні кітайцаў на мясцовых польскіх вайсковых могілках? Як Дунілавічы звязаныя з тэорыяй марксізму? Пра ўсё гэта распавядуць доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч і краязнаўца Франц Хоміч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: kinopoisk.ru