Адэлька-сардэлька: дачка Вольскага заспявала


Дэбют Адэлі Вольскай

18-гадовая дачка легендарнага рокера дэбютавала як спявачка. Адэля кажа, што піша песні даўно, проста яны чакалі свайго часу. Дзяўчына распавяла, што натхняецца паўсядзённымі сітуацыямі, а таксама людзьмі. А адная з трох апублікаваных песень непасрэдна звязаная з Лявонам Вольскім: ён называў дачку «Адэлька-сардэлька». Раней гэта яе злавала, а цяпер – нагадвае пра моманты з маленства. Адзіная дачка Лявона і Ганны Вольскіх збіраецца ў будучыні выдаць паўнавартасную кружэлку.

«Адысея» беларускіх фатографаў

У Цэнтры сучасных мастацтваў адкрылася выстава, якая называецца «Адысея». Натхніўшыся творамі Гамера і Джэймса Джойса, восем беларускіх фатографаў паказалі сваё бачанне падарожжа – гэта вандроўкі ў часе і прасторы, гісторыі пра ўцёкі ды вяртанне.

Фотамастакі прэзентавалі, вядома ж, вельмі вольнае прачытанне гамераўскага эпасу. Бо ўсё нашае жыццё – адысея ў мінулае і будучыню.

«Адзін з галоўных складнікаў – тэма каранёў нашай еўрапейскай цывілізацыі. І нам было цікава далучыцца да разумення прыгажосці, энергіі руху старажытных грэкаў», – кажа Альберт Цехановіч, фатограф і куратар выставы.

Не толькі тэма шляху яднае гэтыя працы, але і тое, што ўсе яны зробленыя ў старых ручных тэхніках фотадруку. Малады аўтар Андрэй Васкрасенскі, напрыклад, працуе ў мастацкай тэхніцы гуміарабік. Ягоныя здымкі выглядаюць яркімі акварэльнымі ілюстрацыямі да прыгодаў Адысея. А спосаб, які абрала Марына Бацюкова, называецца мультыэкспазіцыя: у адным кадры па-мастацку напластоўваюцца некалькі выяваў, узнікае эфект тагасветнасці, таямнічасці. А вось Наталля Яўмененка перадала іншы настрой: вольны дух чалавека пад ветразем.

«Захацелася зрабіць гэтую серыю менавіта ў такой тэхніцы – цыянатыпіі. Мне падалося, што блакітны колер сугучны з марской тэматыкай. Хоць здымалася гэта і на рацэ, але Днепр якраз такога памеру, што рэдкая птушка даляціць», – кажа Яўмененка.

Фатограф Ганна Зіміна, каб трапіць на выставу, сапраўды выправілася ў падарожжа, бо прыехала да нас са Смаленску. Лейтматыў ейных працаў можна вызначыць як чаканне:

«Вось гэты пусты горад – як усведамленне чужароднасці таго месца, у якім мы ў гэты момант. Як пошук і мара пра той дом, у які мы імкнемся вярнуцца», – кажа Ганна Зіміна.

Выстава будзе працаваць да трэцяга верасня.

Глядзіце ў выданні:

  • Рэп на Караткевіча ад Антося Звычайнага

  • Французскія археолагі ў Лоеве

Сяргей Будкін, Марына Вашкевіч, Аляксандра Дорская; фота: з «Фэйсбука» Адэлі Вольскай