Аддаць Курылы, каб забраць Беларусь


Заходнія аналітыкі канстатуюць, што Уладзіміру Пуціну надзвычай патрэбныя новыя перамогі. Далучэнне Беларусі да «русского мира» ў такіх варунках выглядае досыць простым і прывабным варыянтам. Дзеля вялікага поспеху не шкада саступіць малога? Экспертка ў міжнародным праве Аляксандра Багуслаўская разам з вядоўцам праграмы «Размова дня» Уладзімірам Мацкевічам разважае, ці можа быць варыянтам такой ракіроўкі вяртанне Японіі Курыльскіх выспаў.

З навагодніх святаў уся Беларусь сочыць за навінамі беларуска-расейскіх дачыненняў. Эксперты даюць супрацьлеглыя прагнозы – ва ўмовах абмежаванай інфармацыі гадаць на кававай гушчы пачынаюць нават самыя паважаныя аналітыкі. Гэтак, эксперты выдання «Bloomberg» усур’ёз разглядаюць сувязь паміж вяртаннем Японіі Курыльскіх выспаў і магчымай акупацыяй Беларусі.

Экспертка ў міжнародным праве Аляксандра Багуслаўская зазначае, што падобныя высновы – хутчэй фантазіі на тэму, чым сур’ёзная аналітыка.

«Мы можам пагадзіцца на ўмовы Расеі ды пайсці на інтэграцыю ў абмен на эканамічныя прэферэнцыі, зніжэнне коштаў на нафту і газ, і гэтак далей. Або можам усё ж сказаць «не», і жыць складана. Але ўсё ж такі пражывем.

У Японіі з Расеяй падобная сітуацыя. Была гэтая тэрытарыяльная спрэчка, і яна можа працягвацца яшчэ і дзесяць, і дваццаць, і трыццаць гадоў. Але як цяпер заяўляе прэм’ер-міністр Японіі, яны мусяць гэты канфлікт развязаць, каб гэта не паклалася цяжарам на будучыя пакаленні. Гэта сімвалізм. Такім чынам, абвастрэнне сітуацыяў супадае ў часе, але яны не звязаныя», – мяркуе спадарыня Багуслаўская.