Адбудаваць імперыю: Расея не спыніцца на паглынанні Беларусі?


Расейскія амбіцыі не спыняцца на эканамічным паглынанні Беларусі ды іншых постсавецкіх краінаў. Ці можа быць пачаткам вялікага крыжовага паходу тое, што адбываецца сёння?

Былы кіраўнік «Белага легіёну», стваральнік грамадскай кампаніі «Свежы вецер» Сяргей Бульба заклікае неабыякавых грамадзянаў і грамадскі сектар пратэставаць супраць планаў паглыбленай інтэграцыі.

«З часу позняга Ельцына Расея прыняла рашэнне пра аднаўленне Савецкага Саюзу, – лічыць госць праграмы «Размова» з Уладзімірам Мацкевічам Сяргей Бульба. – Для абслугоўвання такой вялікай тэрыторыі, як Расея, ім патрэбна як мінімум 300 мільёнаў людзей – яны іх не маюць».

Пры гэтым Сяргей Бульба дадае, што ён верыць у разумны сэнс жыхароў Расеі ды нагадвае, што Беларусь для іх – ледзь не адзіны хаўруснік.

«Для Расеі вялікая выгада – мець хаўрусніка, які падтрымлівае на міжнароднай арэне. Калі мы перастаем быць незалежнай дзяржавай, мы страчваем сваё месца ў ААН, у АБСЕ, то бок мы больш не суб’ект міжнароднага права. На ўзроўні эканомікі для Расеі таксама больш выгадна, каб мы былі незалежныя. Паглядзіце на Крым. Яны ўзвалілі сабе на плечы Крым, і расейская эканоміка не дужа ў захапленні ад усяго гэтага», – выказаўся Сяргей Бульба.

Спецыяльна для тых, каму зручней слухаць, а не глядзець, «Размова» запускае падкасты. Калі вы займаецеся хатнімі справамі, кіруеце машынай ці проста не жадаеце сачыць за мільгаценнем кадраў – гэта для вас.

Праграма «Размова» выходзіць на «Белсаце» з панядзелка да чацвярга а 21:20. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

А таксама падпісвайцеся на «Размову» ў Facebook, ВКонтакте, «Одноклассниках», Twitter, Instagram і Telegram.