Адбіраюць дзяцей, каб прымусіць бацькоў працаваць у калгасе


У гераінi нашага сюжэту Наталлi Мiхно, што жыве ў аграгарадку Дзярэчын на Зельвеншчыне, дзяцей забралi шэсць год таму.

«Афіцыйнай падставай стала п’янства, – кажа жанчына. – Але я кожны дзень хаджу на працу, п’янай мяне б туды не пусцілі. Апека прыходзіла да мяне, калі сама я была на працы, нешта шукалі ў хаце. А потым мяне выклікалі на камісію, сказалі, што забяруць дзяцей. Пакуль я даехала дамоў, дзяцей ужо забралі – падчас маёй адсутнасці».

Наталля зарабляе ў калгасе да Br 400 на месяц, але на рукi атрымлiвае толькi 30-40 – астатняе iдзе на алiменты дзяржаве. Жанчыне няма за што купіць дровы на зiму, а электрычнасць ёй абрэзалi праз запазычанасць з аплатай.

Наталля Міхно топіць хату астаткамі старых дошак, якія хутка скончацца. Фота belsat.eu

«Я падтрымліваю сувязь з дзецьмі, званю ім, стараюся наведваць, – кажа Наталля. – Я б вельмі хацела вярнуць іх, але дзеля гэтага трэба падключыць электрычнасць, мець дровы, прадукты ў лядоўні – а як я магу гэта ўсё зрабіць без грошай? Штодня хаджу на працу, плачу падаткі, а жыву як бяздомная».

Змагаліся і перамаглі

Сям’я Косцiкавых у гэтай жа вёсцы два месяцы запар барыкадавалася ў хаце ад апекi, якая спрабавала забраць у iх чатырох дзяцей. Сямʼi прыпiсалi злоўжыванне спіртным, а таксама наракалi на тое, што мацi адмовіліся датэрмінова выйсцi на працу з дэкрэтнага адпачынку.

«Паводле адукацыі я прадавачка, але некаторы час працавала ў калгасе даяркай, – кажа Алена Косцікава. – Калі малодшай дачцэ ішоў трэці год, мяне пачалі запытваць, чаму я не аддаю яе ў садок, а сама не выходжу на працу. Але я мела права яшчэ год быць у дэкрэтным, чаму я мушу выходзіць? Аднойчы мы з маёй маці вярталіся з дня народзінаў бабулі – і раптам да нас пад’ехала міліцэйская машына. Нас забралі ў пастарунак, прапанавалі дыхаць у трубку. Я адразу сказала, што выпіла кілішак віна на дні народзінаў – зразумела, прыбор пакажа алкаголь. Але ж мы цалкам адэкватныя і нічога не парушалі! Здаецца, мы паразумеліся, нас хутка адпусцілі – маўляў, прэтэнзіяў да вас няма. А потым мяне выклікалі ў выканкам на камісію».

Паводле рашэння камісіі ў Косцікавых меліся на паўгады забраць дзяцей. За імі прыехалі наступнай раніцай – а пятай гадзіне. Алена не пусціла службу апекі ў хату і той жа раніцай звярнулася па дапамогу да слонімскіх актывістаў і прафсаюза РЭП.

З іх дапамогай Косцiкавы праз суд здолелі адваяваць дзяцей. Зараз сям’ю нават знялі з уліку і яны больш не ў «сацыяльна небяспечным становішчы».

Сям’я Косцікавых. Фота belsat.eu

Чаму дзяржава дзейнічае такім чынам? Што рабіць сем’ям, якія трапляюць у падобныя сітуацыі? На гэтыя ды іншыя пытанні шукаюць адказ эксперты ў студыі «Людскіх справаў»: Ганна Бадзяка, якая зʼяўляецца аўтаркай выдання і бачыла абедзве сітуацыі на ўласныя вочы і Віктар Марчык, слонімскі грамадскі актывіст, які дапамагаў сямʼі Косцікавых.

Поўнае выданне праграмы «Людскія справы» аб праблемах і поспехах беларускай вёскі:

«Людскія справы» глядзіце кожны чацвер а 18:55 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» , а таксама онлайн на нашай старонцы.

Пішыце нам у Facebook, Vk ды Одноклассники. Будзьце разам з намі ў суполках у Instagram ды Telegram.