«Ад $ 2,5 да $ 4 тыс.»: як зарабіць за мяжою і не трапіць у бяду


Працаўладкаванне за мяжою, асабліва калі яно неафіцыйнае, можа прынесці не толькі вялікі прыбытак, але і шэраг праблемаў. За выкананую працу могуць проста не разлічыцца. Мясцовыя хуліганы, заўважыўшы брыгаду замежнікаў, могуць паквапіцца на іхны заробак: збіць і абкрасці. У найгоршым выпадку – забіць. У лютым гэтага года з Расеі не вярнуліся два беларусы: іхныя целы знайшлі на працоўным месцы. Таму, выпраўляючыся зарабляць за мяжу, трэба быць вельмі асцярожным, а таксама валодаць звесткамі пра свайго працадаўцу.

Паводле экспертаў, у Расеі працуе каля мільёна беларусаў. Вячаслаў ездзіць туды зарабляць ужо больш за дваццаць гадоў. Рамантуе кватэры і дамы.

«Наўпрост – гэта выходзіла добрая праца, без нейкіх каверзаў», – распавядае Вячаслаў, які працуе ў Расеі.

Калі беспасярэдне з гаспадарамі кватэраў пра рамонт дамаўляцца не атрымлівалася, Вячаслаў шукаў працу праз пасярэднікаў. Галоўным было не трапіць на вельмі прагных. З тымі, хто бярэ больш за дзесяць адсоткаў сумы разліку, лепш не звязвацца. Вячаслаў узгадвае, як прыехалі брыгадаю рабіць рамонт і зразумелі, што пасярэднік не даплочвае за працу. Не дастаючы інструментаў, сабраліся дадому. На выхадзе сустрэлі гаспадыню кватэры.

«Мы спыталіся ў яе: якую суму ён табе налічыў за рамонт? Яна кажа: мільён. А нам 300 тысячаў усяго толькі налічыў», – узгадвае Вячаслаў.

Каб не падманулі, Вячаслаў ездзіць да кліентаў, з якімі працаваў раней. Быў выпадак, калі ягонага знаёмага забілі ў Расеі ды забралі ўсе грошы. Таму ездзіць у суседнюю краіну толькі з вялікаю брыгадай. Трымаюцца адзін аднаго, знаёмстваў з мясцовымі не заводзяць. Прыязджаюць і з’язджаюць сваім аўтам. Асцерагаюцца, каб не абрабавалі ў цягніку і каб грошай яшчэ на вакзале не адабралі паліцыянты. Праўда, пасля валютнага крызісу ў Расеі Вячаслаў ездзіць туды радзей – разлічваюцца за працу ў расейскіх рублях, кошт якіх знізіўся адносна долара.

«Некалі можна было зарабіць ад 2,5 да 4 тысяч зялёных. А цяпер ужо як бы нявыгадна», – кажа Вячаслаў.

Працу ў Літве ў майстэрні па рамонце аўтаў Віталь знайшоў з дапамогаю сябра. Той даўно жыў у Вільні ды параіў хлопцу месца, дзе сам раней працаваў. Віталь ездзіў туды на тры месяцы, потым столькі ж быў дома і зноў выпраўляўся зарабляць.

«Першы раз я атрымаў там трохі, але ўжо як бы адчувалася, а другі раз ужо сума была большая. Было страшна, а раптам цяпер не дасць, скажа: едзь адсюль, не падабаецца, як ты працуеш», – распавядае Віталь, які працаваў у Літве.

Штораз, перш чым выехаць на працу, Віталь страхаваў здароўе і жыццё. Бо, калі б за мяжою здарыўся няшчасны выпадак, за лекаванне давялося б аддаць увесь заробак. У Літве Віталь меў гнуткую аплату: 50 % кошту рамонту кожнага аўта. У канцы гэтак званае вахты працадаўца заахвочваў беларускага працаўніка прэміяй. Дзеля працы ў Літве Віталь сышоў з беларускага заводу, дзе да таго працаваў майстрам і атрымліваў 500 рублёў.

«Калі прадуктыўна працаваць, не сядзець, не адпачываць, то ў раёне 1000–1200 еўраў можна зарабіць», – кажа Віталь.

Як уладкавацца, каб не падманулі?

Кампанія «JETEXPO» афіцыйна ўладкоўвае нашых суайчыннікаў на працу за мяжою ўжо 17 гадоў. Прапаноўвае кантракты – як на некалькі гадоў, гэтак і на некалькі месяцаў. Апошняе датычыць сезонных працаў у сельскагаспадарчым сектары. Студэнты едуць у Нямеччыну, беларусы да 45-ці гадоў – у Фінляндыю.

Сярод студэнтаў карыстаецца папулярнасцю і праца ў Нямеччыне ў сферы абслугоўвання. Можна паехаць у гатэлі Балгарыі: працаваць пакаёўкамі, ратавальнікамі на пляжах, афіцыянтамі ды работнікамі на кухні. Пры легальным уладкаванні на працу можна не хвалявацца, што вас падмануць. Для бяспечнасці ўсе дамовы на працу рэгіструюць у Міністэрстве ўнутраных справаў.

«Цягам дзеяння дамовы паміж работнікам і працадаўцам, мы на сувязі з працадаўцам і нясем поўную адказнасць за выкананне ўмоваў, прапісаных у дамове», – распавядае Святлана Рылькова, дырэктарка кампаніі «JETEXPO».

Мікіта – студэнт 4-га курсу. Летась ён два месяцы працаваў у Нямеччыне на ферме. Працу атрымаў легальна. На паслугі агенцтва, квіткі ды візу выдаткаваў каля 500 еўраў. У выходныя павандроўнічаў па суседніх краінах і падзарабіў.

«Студэнт, якія едзе туды, прыблізны заробак на месяц недзе 1800 еўраў», – кажа Мікіта Масліевіч, які працаваў у Нямеччыне.

З кожным годам колькасць беларусаў, якія з’язджаюць на працу за мяжу, расце. Бо грошай, што плацяць у Расеі ды Еўропе, тут не заробіш. Нават на сезонных працах за некалькі месяцаў можна атрымаць больш, чым на радзіме за год. Але перад тым, як ехаць, трэба акрэсліць усе дэталі кантракту: тэрмін дзейнасці, характар і ўмовы працы, памер аплаты. Застрахавацца ад няшчасных выпадкаў і хваробы. А таксама паведаміць пра ад’езд сваякам і сябрам.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Навошта Менску столькі гандлёвых цэнтраў?
  • Беларусы выдаткуюць на лекі 5% сямейнага бюджэту
  • Як пазбегнуць платы за вываз смецця на лецішчы?

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».