Гарачы каментар Абаронца Курапатаў: «Мы не дамо ім рабіць чорную справу без нагляду»


Неспрыяльныя пагодныя ўмовы не перашкаджаюць асобам, якія трымаюць варту ля рэстарану «Паедзем паядзім» ва ўрочышчы Курапаты. Ужо паўгода яны інфармуюць наведнікаў харчэўні пра тое, што гэта за месца. Актывістаў затрымлівае міліцыя, у чарговы раз гэта адбылося ўчора. У аддзяленне Менскага раёну былі дастаўленыя палітык Павел Севярынец і актывіст Сяргей Аненкаў. На актывіста Дзмітрыя Казакевіча наведнікам рэстарацыі быў здзейснены наезд:

«Мы раздавалі лістоўкі. Адзін з аўтамабіляў не вельмі хацеў спыняцца і браць лістоўку і збіў мяне бамперам. Мяне забралі ў абласную больніцу, зрабілі здымак…»

У выпадку з наездамі на актывістаў міліцыя не так спяшаецца пакараць вінаватых, як з пакараннямі для тых, на каго наезды здзяйсняюць. Штрафуюць і проста за распаўсюд інфармацыі пра Курапаты, Павал Севярынец, якога ўчора затрымлівала міліцыя, сёння атрымаў штраф у 49 базавых. На сувязі з намі грамадскі дырэктар народнага мемарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі. Чаму сітуацыя вакол рэстарану зноўку абвастрылася? Складалася ўражанне, што туды ўжо ніхто не ездзіць, і там ціха.

«Калі стаіш на варце і глядзіш на паводзіны міліцыянтаў, якія прынцыпова павінныя ахоўваць грамадзянаў, а яны за кошт падаткаплатнікаў, нас з вамі, ахоўваюць гэтае места. Вельмі ў іх добрыя адносіны з тымі ахоўнікамі, якія стаяць з таго боку плоту. Гэтыя рэпрэсіі не спыняюцца, таму што яны хацелі б заглушыць гэта, хацелі б, каб мы сышлі адтуль, каб рабіць сваю чорную справу без нагляду. Але так не атрымаецца. Мы там прысутнічаем, мы гэтую справу фіксуем, створная база. І я думаю, вельмі хутка ўладальнікаў «Пажраць, пабляваць» – зараз у нас ёсць такая тэрміналогія – будуць чакаць сюрпрызы…»

Глядзі таксама
Каментары