Студыя «Белсат» 92-годдзе менскага ФК «Дынама»: без Чыжа, у незгуляным складзе і з Гурэнкам у якасці трэнера


На мінулым тыдні менскае футбольнае «Дынама» адзначыла 92 гады з дня свайго заснавання. Адзначыла без Юрыя Чыжа, у стане фінансавай нявызначанасці, з маладым і незгуляным складам ды з новым старым трэнерам Сяргеем Гурэнкам.

Першы матч пасля вяртання Гурэнкі «бела-блакітныя» правялі феерычна, разбіўшы з лікам 6:1 «Энергетык-БДУ». Гэта натхніла заўзятараў «Дынама»: яны паверылі, што нарадзінец Горадні верне камандзе добрую форму да старту ў еўракубках. Праўда, над Сяргеем Вітальевічам дагэтуль навісае цень леташняга дзіўнага матчу з піцерскім «Зенітам», які скончыўся паразаю нашага клубу 1:8.

«Хацелася б, каб ён сказаў, што адбылося ў Піцеры… А так з аптымізмам глядзім у будучыню».

«Ну, гульню ў Піцеры ўжо досыць узгадваць… Там шмат хто быў датычны, як кажуць. Першы матч Гурэнкі… Відаць, што атмасфера ў калектыве палепшылася. Будзем спадзявацца, што клуб будзе перамагаць».

«Піліпчук больш імкнуўся гуляць у камбінацыйны футбол, кантраляваць мяч. А ў Гурэнкі жывая гульня. Таму каманда атакуе, ідзе наперад, намагаецца забіць. Я вельмі рады вяртанню Гурэнкі», – кажуць заўзятары ФК «Дынама» (Менск).

Пасля сыходу папярэдняга трэнерскага штабу Рамана Піліпчука ў гульнявым ростары «Дынама» таксама пачалі адбывацца змены. Каманду пакінулі ганец Салі Муніру, а таксама двое расейцаў – Віталь Дзьякаў і Алан Чочыеў. І калі пра ад’езд афрыканскага легіянера заўзятары збольшага шкадуюць, то развітанне з расейскімі гульцамі іх не надта засмучае:

«Туды ім і дарога… Няхай ідуць расейцы да расейцаў. Мухі асобна, катлеты асобна. Нашыя ж футбол добры паказваюць. Узяць Трэбатыча. Выпусцілі з дубля. Два галы – калі ласка! Піліпчуку ўцёр нос, як кажуць».

«Ну Салі – добры гулец… Чочыеў мне не спадабаўся, не ўражваў. А Салі – страта. Дзьякаў павольны быў, ды і канфліктны».

«Асабліва, што Салі сышоў – гэта страта».

«Ёсць у нас нармальныя гульцы – Трэбатыч, Фатаі. Зараз хлопцы набяруць кандыцыі, пару падпішам яшчэ. І будзе ўсё добра».

Паводле Сяргея Гурэнкі, ён размаўляў з футбалістамі і зрабіў выснову, што не ўсе гатовыя працаваць так, як патрабуе ён. Гэта, між іншым, стала прычынаю сыходу з каманды і Дзьякава з Чочыевым. Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск):

«Патэлефанаваў агент, кажа: «Вы як, разлічваеце?» Я кажу: «Я на ўсіх разлічваю, але людзі павінныя выконваць мае патрабаванні». Праз дзень патэлефанаваў агент і сказаў, што мы будзем разрываць кантракт. Няма пытанняў».

А вось яшчэ адзін расейскі гулец менскага «Дынама» Георгій Цігіеў у беларускай сталіцы застаўся.

«Ён сказаў, што будзе працаваць, прывядзе сябе ў норму. Я кажу: «Як толькі ты набярэш фізічна, ты будзеш найлепшым футбалістам у Беларусі на пазіцыі левага ці правага абаронцы. Але ты сябе занядбаў. Занядбаў, можа, яшчэ шмат гадоў таму. А цяпер трэба цябе рэанімаваць», – распавядае Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск).

У суботу «бела-блакітныя» прымалі на стадыёне «Трактар» жодзінскае «Тарпеда-БелАЗ». Другі матч з новым старым трэнерам стаўся для гаспадароў поля правальным. Яны прапусцілі гол ужо на першай хвіліне, а да дзясятай саступалі 0:2. Спробы накіраваць мяч за спіну брамніку «Тарпеда» былі марнымі – «аўтазаводцы» дзеялі ў абароне бездакорна. А пад канец госці давялі лік да разгромнага – 3:0.

Сяргей Гурэнка, галоўны трэнер ФК «Дынама» (Менск):

«Хлопцы стараліся, вялікіх прэтэнзіяў да іх няма. Але, як кажуць, жаданне ёсць, але жаданне мусіць чымсьці падсілкоўвацца».

Відавочна, што цяперашняе фінансавае становішча «Дынама» не найлепшае, таму і вынікі нестабільныя. Каманда ўжо месяц належыць Менгарвыканкаму, які вялізных грошай на яе ўтрыманне выдаткоўваць не гатовы. Таму галоўная крыніца падмацавання складу цяпер – не трансферы, а ўласныя выхаванцы.

«Для нас, дзіцячых трэнераў, галоўнае, каб уласным выхаванцам давалі гуляць. У мінулым матчы якраз было шэсць нашых выхаванцаў, што вельмі радуе», – гаворыць дзіцячы трэнер ФК «Дынама» (Менск).

Сяргей Гурэнка таксама не супраць прыцягваць у склад юнакоў. Але сістэма рыхтавання маладых талентаў, на ягоную думку, кульгае:

«Яны павінны развівацца ў тыднёвых цыклах. І гуляць адну гульню на тыдзень, а не тры. У іх ужо галава не варыць. Плюс у іх вучоба, экзамены, нешта яшчэ. Гэтыя хлопцы ўжо павінныя быць пад асноваю. Так, у іх не хапае сілаў, але ў іх ёсць мазгі. У іх ёсць якасці, з якімі можна працаваць і развіваць іх. Але ўсё паступова… Калі я адразу пастаўлю пяць дублёраў… Ну, давайце абʼектыўна, перад «Дынама» стаяць найвышэйшыя мэты».

Найвышэйшыя мэты – гэта, вядома ж, барацьба за медалі чэмпіянату. Але пакуль складана ўявіць, што менскае «Дынама» сёлета складзе канкурэнцыю аднайменнаму клубу з Берасця, салігорскаму «Шахцёру» і барысаўскаму БАТЭ.

Дзяніс Ганчарэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары