90-годдзе старэйшага ў Галівудзе кінатэатра


Кінатэатр «Чайніз», што месціцца ў Галівудзе, святкуе 90 гадоў няспыннай працы. Гэта, здаецца, адзіны кінатэатр у свеце, дзе адбываюцца адна за адной кінапрэмʼеры класа «А», і які існуе так доўга.

«90 гадоў! У кінабізнесе гэта нерэальны тэрмін! «Чайніз тэатр» – адзіны на ўсю Амерыку, а можа і ў свеце, кінатэатр, які ніколі за ўвесь час не закрываўся, і працуе ўжо цягам 9-ці дзесяцігоддзяў. Натуральна, што гэта экран класу «А», – распавядае генеральны менеджар установы, Лэві Тынкер.

У архітэктуры – шэрагі празмернасцяў. Разнастайныя ўпрыгожванні, барэльефы, малюнкі. Кажуць, што кінатэатр будаваў кітайскі архітэктар і вялікі міжнародны гурт мастакоў.

«Большасць дэталяў дызайна – захаваліся з 27-га года мінулага стагоддзя. Дарэчы, у 2013-м адбылася вялікая перабудова тэатру, зал перафарматавалі ў Ай-мэкс. Цяпер гэта, можна сказаць, Ай-мэкс пляцоўка нумар адзін у свеце. Тут працаваў першы шырокафарматны праектар. У нас таксама ўсталявалі і першы лічбавы праектар».

З нагоды юбілею Кітайскага кінатэатра ў Галівудзе стварылі адмысловае шоу-праекцыю з гісторыяй амерыканскага кіно. Яго дэманструюць цяпер па вечарох на сцены будынку, такім чынам, мінакі спыняюцца і згадваюць свае прыемныя ўражанні ад прагляду тых ці іншых знакамітых стужак.

 

Сяргей Філімонаў, belsat.eu; фота – freefortourists.com