89-ая ўрачыстасць уручэння статуэтак «Оскара» ўвойдзе ў гісторыю з прычыны самага недарэчнага фіналу


Падчас абвешчання найлепшага фільму года са сцэны прагучала назва стужкі «Ла-ла Лэнд», а ўжо праз хвіліну статуэтку перадорвалі Бэры Джэнкінзу за фільм «Святло Месяцу» ці «Moonlight», бо вядоўца Ўорэн Біці атрымаў не тую капэрту.

Прыкры прысмак аўтарам «Ла-ла Лэнду» развеяла ў выніку найбольшая колькасць статуэтак: мюзікл сабраў 6 узнагародаў за найлепшыя рэжысуру, акторку першага плану, здымкі, музыку і песню «City of Stars».

А фільм «Святло Месяцу» не толькі стаўся фільмам года, але і атрымаў узнагароды ў намінацыях «Найлепшы актор другога плану» – ім зрабіўся Магэршала Алі – і «Найлепшы адаптаваны сцэнар».

Гэтая пастанова журы перарвала традыцыю гэтак званага белага «Оскара».

Найлепшым акторам года Амерыканская кінаакадэмія прызнала сёлета Кейсі Эфлека за ролю Лі Чандлера ў драме «Манчэстэр каля мора», хоць бальшыня крытыкаў вагалася паміж Раянам Гозлінгам і Дэнзэлам Ўошынгтанам.

28-гадовая Эма Стоўн статуэтку за найлепшую ролю ў «Ла-ла Лэндзе» атрымала з рук леташняга пераможцы Леанарда ДыКапрыё, а намінаваную на «Оскара» Мэрыл Стрып вядоўцы ўзгадалі ў жартаўлівым кантэксце, запрапанаваўшы папляскаць ёй за «20-ую намінацыю».

Зала адказала авацыямі ў гонар Стрып, якую прэзідэнт ЗША Доналд Трамп назваў «самаю разрэкламаванаю акторкай у Галівудзе».

На мяжы скандалу – і абвешчанне найлепшым фільмам года «Коміваяжор» іранскага рэжысёра Асгара Фархадзі. Рэжысёр не прыехаў на ўручэнне «Оскара» на знак пратэсту супраць міграцыйнай палітыкі прэзідэнта Доналда Трампа.

ІНШЫЯ ТЭМЫ:

«Народны альбом» вярнуўся і вярнуў нас.

Мацей Радзівіл на выставе калекцыі свайго слыннага роду.

«Стары Ольса» развітаўся перад турам у ЗША канцэртам у Берасці.

Вясну гомельцы гукаюць па-свойму: выпякаючы птушку чырачку.

Вольга Гардзейчык, Аляксандра Дорская, Марыя Арцыбашава, «Белсат»