Праваабаронца: Пакуль далі каманду на мяккія рэпрэсіі і кропкавыя дзеянні


Улады не хочуць слухаць голасу людзей ды ідуць на абвастрэнне канфлікту. Замест адмены дэкрэту № 3 пачалося паляванне на самых актыўных. Былі затрыманні ў Віцебску, выклікі і позвы ў Гомлі ды Менску.

Берасцейскую актывістку «Маршу недармаедаў» Наталлю Папкову затрымалі акурат перад нядзельнай акцыяй пратэсту ў ейным горадзе і забралі ў псіхіятрычны шпіталь. Таксама стала вядома, што на тры дні затрымалі актывіста Андрэя Шарэнду, нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ідуць позвы ды застрашванні і да іншых актыўных беларусаў. Аднак чарговыя акцыі пратэстаў рыхтуюцца – агулам больш за дзесяць ва ўсёй краіне.

Затрыманні актывістаў каментуе праваабаронца Раман Кісляк.

Фактычна вядзецца спецаперацыя міліцыі па нейтралізацыі актыўных удзельнікаў папярэдняй акцыі.

Улады спрабуюць затрымліваць і ізаляваць, на іх думку, арганізатараў гэтых акцый.

Людзі і так выйдуць, іх і так будзе больш. Адзінае, што ўлады затрымліваюць людзей, якія маюць вопыт і могуць арганізаваць людзей у мітынгу і шэсці.

Улады ціснуць на людзей, спрабуюць стварыць атмасферу страху сярод іх.

Пакуль далі каманду на мяккія кропкавыя рэпрэсіі.

Аднак акцыя 5 сакавіка адбудзецца, падкрэсліў госць «Гарачага каментара».

Размову Сяргея Падсасоннага з Раманам Кісляком глядзіце ў «Гарачым каментары».