Рэжым іх баіцца, а беларусы ім дапамагаюць


Сябры, мы ведаем, якое жаданне на Новы год загадае кожны беларус. Думаем, што і прамаўляць яго не варта, каб збылося! Таксама мы ведаем, што ў кожным з вас ёсць шмат болю, расчаравання, крыўды. І гэта немінуча застанецца – прынамсі, пакуль што. А ў гэты святочны час хочам пагаварыць пра тое станоўчае, матывавальнае і радаснае, што ёсць у нас. І чаго ніхто не забярэ: гэта нашая салідарнасць. Сапраўдная радасць беларусаў – у салідарнасці. Мы вельмі ўдзячныя кожнаму за вашыя каментары, за словы падтрымкі і за вашую дапамогу нашым героям. Ніводзін з іх не застаўся з халодным сэрцам. Ні да воднага з іх вы не засталіся абыякавымі. І дзякуй за гэта!

І ў нашым святочным выданні я хачу ўспомніць самых маленькіх і самых паважаных нашых герояў. Самых вясёлых і самых балючых. Усіх тых, якія і складаюць наш з вамі народ. Нашыя героі – з розных куткоў Беларусі, з Польшчы, Украіны… Ва ўзросце – ад нараджэння да амаль 90 гадоў. І малыя дзеці, і шматдзетныя маці, і дарослыя мужчыны. Дактары, былыя сілавікі, працоўныя, настаўнікі, музыкі, артысты…

«Вашая праграма «Беларус – беларусу» вельмі важная ў сённяшніх умовах. Таму што яна, у пэўным сэнсе, мае тэрапеўтычны эфект. Многія людзі цяпер упадаюць у дэпрэсію, у песімізм. І трэба гэтую дэпрэсію і кепскія думкі пераводзіць у нейкае дзеянне. Я кожную раніцу прачынаюся з думкамі: «Што я магу яшчэ зрабіць для Беларусі? Для таго, каб Паша хутчэй апынуўся дома». І як толькі ў мяне пачынаюць апускацца рукі, я думаю так: «Трэба ісці, працаваць. Штосьці рабіць». І вашая праграма дае такую магчымасць – дапамагаць іншым людзям. Змяняць Беларусь ужо цяпер», – дзеліцца нашая гераіня Вольга Севярынец, жонка палітвязня Паўла Севярынца.

На маршы Міру і Незалежнасці тысячы чалавек у сталіцы выйшлі на вуліцы. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Кожнае выданне «Беларус – беларусу» – гэта не толькі тое, што вы бачыце. Гэта не толькі публічная дапамога, якую мы паказваем і можам паказаць. Гэта яшчэ і дзясяткі і сотні людзей, якія дапамагаюць нашым героям ананімна. Мы не можам пра гэта расказваць, але ад гэтага радасці не менш.

І я цвёрда веру, што ствараючы маленькія цуды адно для аднаго, мы ўрэшце створым вялікі цуд для нашай супольнай вольнай Беларусі. Памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога! З Новым годам! Жыве Беларусь!

ВК belsat.eu

Праект «Беларус – беларусу» – для тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы, і для тых, хто хоча ды можа падтрымаць. Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна. З любога пункту свету. Лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: spring96.org