Галадамор: генацыд або грамадзянская вайна?


На пачатку 1930-х гадоў у Савецкім Саюзе ад голаду загінулі паводле розных ацэнак ад 3,5 да 7 млн чалавек. Адну адну з самых крывавых старонак гісторыі савецкага таталітарызму абмяркуем у праграме «Intermarium».

Украіна была рэгіёнам, які найбольш пацярпеў у выніку гэтай гуманітарнай катастрофы. У 2006 годзе Вярхоўная Рада афіцыйна прызнала Галадамор генацыдам украінскага народу. Згодна з законам, публічнае адмаўленне Галадамору – супрацьпраўнае. Акрамя Украіны голад у 1932–1933 гадах ахапіў Паволжа, Кубань, паўднёвую частку Беларусі, Казахстан і некаторыя іншыя рэгіёны былога СССР. Сёлета спаўняецца 90 гадоў тым трагічным падзеям.

«У 1932–1933 гады была спецыяльна спланавая генацыдная акцыя для знішчэння ўкраінцаў і ва Украіне, і на Кубані, і ўвогуле на Каўказе, і тых украінцаў, якія кампактна жылі ў Паўночным Казахстане і ў Беларусі», – тлумачыць украінскі гісторык, намеснік дырэктара Інстытуту даследаванняў Галадамору Іван Пятрэнка.

Прычына масавага голаду пачатку 1930-х гадоў – тая эканамічная, сацыяльная і нацыянальная палітыка, якую праводзілі Сталін і ягонае атачэнне. З канца 1920-х гадоў імі быў узяты курс на татальную калектывізацыю, якая суправаджалася нябачаным да гэтага часу гвалтам у дачыненні сялянаў.

«У той час была пашыраная ідэя, што трэба будаваць сацыялізм у асобна ўзятай краіне, ствараць плацдарм да сусветнай рэвалюцыі. З часу грамадзянскай вайны мінула ўсяго дзесяць гадоў, і фактычна рыхтавалася другое выданне грамадзянскай вайны, гэтым разам супраць сялянства», – тлумачыць украінскі прафесар з Любліну Георгій Касьянаў.

У 1932–1933 гады натуральных, прыродных перадумоваў для голаду ў савецкай імперыі не існавала. Голад быў справакаваны штучна, і гэты план уключаў у сябе прымусовае адабранне ўсіх харчовых прыпасаў у тых, хто не выканаў плану хлебанарыхтовак. Каб не дапусціць уцёкаў насельніцтва, цэлыя рэгіёны былі заблакаваныя. Забаранілі гандаль, а таксама аказанне любой дапамогі звонку.

Адрозна ад украінскага падыходу да Галадамору, расейская гістарычная навука не лічыць, што палітыка Сталіна была скіраваная на знішчэнне ўкраінцаў, удар нібыта наносіўся выключна па сялянах як класе, які для таталітарнай сістэмы быў пятай калонай. Пацвярджэннем гэтага можа быць і той гістарычны факт, што ў 1927 годзе сялянства нечакана для сталінскага кіраўніцтва адмовілася прадаваць хлеб за ўсталяваныя цэны і гэтак выказала «антыдзяржаўную пазіцыю».

«Хлеб быў патрэбны дзяржаве для фарсаванай індустрыялізацыі, і не проста хлеб быў патрэбны, але такі, які можна было прадаць у Італію, Францыю, у Ангельшчыну. З якога пяклі белыя булкі, а гэта цвёрдыя віды пшаніцы. Такія віды зерня былі ва Украіне, на Ніжняй Волзе, на Паўночным Каўказе, і гэтыя раёны збожжава-таварнай вытворчасці зрабіліся закладнікамі сельскагаспадарчай спецыялізацыі», – лічыць расейскі гісторык, прафесар Віктар Кандрашын.

Комплекс такіх захадаў прывёў да нечувана маштабнага голаду, ахвярамі якога зрабіліся мільёны людзей.

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Ірына Раманава, прафесарка ЕГУ, Вільня;
  • Віктар Кандрашын, доктар гісторыі, кіраўнік Цэнтру эканамічнай гісторыі Інстытуту расейскай гісторыі НАН;
  • Георгій Касьянаў, прафесар, шэф Лабараторыі міжнародных даследаванняў Памяці, універсітэт Марыі Кюры-Складоўскай, Люблін;
  • Іван Пятрэнка, намеснік дырэктара Інстытуту даследаванняў Галадамору Нацыянальнага музею Галадамору-генацыду.

Belsat.eu