Палітзэкі як глабальная зʼява


Беларусь часта трапляе ў міжнародныя навіны з нагоды чарговага палітычнага прысуду і зʼяўлення новых палітычных вязняў. Занадта часта. Цяпер у Еўропе нашая краіна трымае сумнеўнае лідарства ў палітычным пераследзе ўласных грамадзянаў.

Сённяшняе «Глабальнае пытанне» пра тое, хто такія палітвязні, чаму трапіць пад палітычны пераслед можа любы чалавек, і як вызваліць людзей з-за кратаў.

Ёсць 2 варыянты, калі чалавека прызнаюць палітвязнем. Першы – калі яго судзяць і саджаюць паводле палітычных артыкулаў. Чалавека пазбаўляюць свабоды за негвалтоўную рэалізацыю сваіх правоў.

«Пад гэты артыкул трапляюць усе людзі, якія цяпер пазбаўленыя свабоды паводле 342 артыкулу КК. Гэта так званы ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», – тлумачыць старшыня РГА «Прававая ініцыятыва» Вікторыя Фёдарава.

Бо год таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў, грубага парушэння парадку не было, а была мірная рэалізацыя права на свабоду сходаў. У такіх выпадках праваабаронцы прызнаюць чалавека «вязнем сумлення» і патрабуюць ягонага тэрміновага вызвалення.

Другі варыянт – непалітычны артыкул, але палітычны матыў дзяржавы.

«Калі мае месца, напрыклад, парушэнне права на справядлівы суд або непрапарцыйнасць пакарання. Гэта, калі казаць па беларускай практыцы, у асноўным звязаныя з так званым гвалтам адносна працаўнікоў міліцыі», – кажа праваабаронца.

Напрыклад, «пінская справа», у якой пакаранні па 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму не адпавядалі нанесенай шкодзе – кінутай у бок міліцыянта пластыкавай бутэльцы. Такія справы патрабуюць перагляду незалежным судом.

«У некаторых выпадках нават беларуская дзяржава выкарыстоўвае нават для палітычнага пераследу іншыя артыкулы, напрыклад, эканамічныя, як у справе Бабарыкі, справе праваабаронцаў, як праваабаронцы »Вясны«, абвінавачаныя ў падатковых злачынствах», – прыгадвае Вікторыя Фёдарава.

На час рыхтавання праграмы праваабаронцы прызналі палітвязнямі ў Беларусі 653 асобы – лічба мяняецца штодня. Аднак Следчы камітэт распачаў больш за 4600 «пратэставых» крымінальных справаў супраць грамадзянаў. І адхіліў амаль 700 заяваў аб міліцэйскім гвалце.

Палітычныя рэпрэсіі ў нас пачаліся амаль адразу, як да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Але ў гісторыі вольнай Беларусі яшчэ не было столькі палітвязняў, кажа Аляксандр Атрошчанкаў. Рэдактар парталу «Reform.by» ды экспертнай сеткі «iSans» 10 гадоў таму сам прайшоў праз турму, як прэс-сакратар кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава. Тады за краты кінулі чатырох кандыдатаў, агулам арыштавалі 639 чалавек.

«Калі мяне прывезлі, я зразумеў, што знаходжуся ў КДБ. Перада мной паклалі паперку, дзе было напісана, што мне пагражае ад 10 да 15 год… Ад першых гадзін пачаўся прэсінг. Гэта быў «добры і злы паліцэйскі». «Добрым паліцэйскім» былі ветлівыя аператыўныя працаўнікі КДБ, якія прыходзілі і казалі: давай супрацоўнічай, ты ж яшчэ малады… А »злым паліцыянтам« былі байцы «Альфы», якія ладзілі нам маскі-шоў у СІЗА КДБ», – распавядае Аляксандр Атрошчанкаў.

Катаванні не былі такімі жорсткімі, як цяпер практыкуюць у ізалятары на Акрэсціна. Але пасля «Амерыканкі» – следчага ізалятару КДБ – і суд, і пазней калонія «Віцьба» падаліся месцам адпачынку.

«Я гэтага не бачыў у той момант, але Юля Дарашкевіч крыкнула мне: «Саша, ты гэтага не бачыш, але сюды прыйшлі сотні людзей, каб цябе падтрымаць». Гэта было вельмі кранальна, канечне», – прыгадвае былы палітвязень.

Праява салідарнасці – жыццёва важная для палітвязня і ягонай сямʼі. Гістарычны прыклад могуць падаць палякі. Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы – дачка настаўніцы і навукоўца Зофʼі і Збігнева Рамашэўскіх, якія трапілі ў вір палітычнай барацьбы ў камуністычнай Польшчы.

«Як звычайна, шмат такіх рэчаў адбываецца выпадкова. Чалавек раптоўна натрапляе на справу, якую не можа абмінуць абыякава. Так здарылася з падзеямі ў Радаме і Урсусе. Гэта былі моцныя пратэсты працаўнікоў у 1976 годзе пасля падвышэння коштаў у Польшчы. Рабочых в Урсусе і ў Радаме вельмі брутальна разагналі, яны трапілі ў турмы… Бацька казаў, што першы раз у жыцці адчуў сябе сапраўды патрэбным людзям, калі прыехаў туды і пабачыў гэтых шакаваных і збітых людзей, якія чакалі хоць якой дапамогі», – распавядае Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Камуністычны ўрад Польшчы хаваў факты пратэстаў, але ўвесь свет даведаўся пра выступы, бо рабочыя трактарнага заводу «Урсус» надоўга спынілі цягнікі між Варшавай і Берлінам. Сотні збітых, арыштаваных і асуджаных, паўтары тысячы звольненых з працы з «воўчым білетам».

Тады на дапамогу завадчанам прыйшла інтэлігенцыя.

«І з гэтага нарадзілася цэлая канцэпцыя абароны вяршэнства закону і абнародавання выпадкаў парушэння правоў. Гэта была адзіная зброя, якую мела апазіцыя. Гэта было яшчэ да зʼяўлення масавага руху, якім потым стала «Салідарнасць», – тлумачыць кіраўніца «Белсату».

Так у Польшчы паўстаў KOR – Камітэт абароны рабочых, у якім зʼявілася Бюро інтэрвенцыі, ядро, якое дапамагала рэпрэсаваным ды іхным семʼям, спраўджвала інфармацыю і ў выніку паказала палякам маштабы несправядлівасці і прыгнёту, пра якія яны і не здагадваліся.

«Зрабіць так, каб людзі не адчувалі сябе сам-насам з бядою, асабліва ў правінцыі, – гэтыя дзеянні сталі пазней асноваю для стварэння руху «Салідарнасць». У маіх бацькоў была тэорыя, што недастаткова ведаць пра здарэнне, недастаткова проста перадаць грошы. Важна туды паехаць, пабачыць гэтага чалавека, каб ён зразумеў, што ён не адзін», – прыгадвае Агнешка Рамашэўская-Гузы.

За гэта камуністычныя ўлады пераследавалі ўжо інтэлігенцыю. Уся сямʼя Рамашэўскіх была пазбаўленая волі.

«Сваволя любіць цішыню. Калі ціха, яны могуць рабіць што заўгодна. Калі інфармацыя не выходзіць за турэмныя сцены ці за жалезную заслону, то яны могуць рабіць, што хочуць. Інфармацыя – вораг таталітарызму, вораг дыктатуры», – кажа Аляксандр Падрабінек, савецкі дысідэнт і палітвязень у 1978–1984 гг.

Аляксандр Падрабінек у СССР быў дысідэнтам і палітвязнем за «паклёп на савецкі лад», а менавіта – за збор і самавыдат інфармацыі аб каральнай псіхіятрыі – ужыванні псіхіятрычных шпіталяў супраць іншадумцаў. У ссылцы і ў калоніі Аляксандр перанёс гепатыт і туберкулёз. Але ў 1970–1980-я адміністрацыя паводзілася з палітычнымі даволі асцярожна.

«Любы канфлікт, любы скандал з палітвязнямі можа прыцягнуць нейкія праверкі, інспекцыі. А ў іх заўжды рыльца ў пушку», – усміхаецца Аляксандр Падрабінек.

Гэты прынцып працаваў і ў сучаснай Беларусі.

«Перада мной там сядзеў Казулін. І кіраўніцтва калоніі добра ведала, які гул і вой паднімаецца, калі кранаеш палітзэка», – прыгадвае Аляксандр Атрошчанкаў.

А вось галадоўка пратэсту дзейнічае, толькі калі ёсць вялікі грамадскі рэзананс, кажа Аляксандр Падрабінек:

«Галадоўкі – гэта з той эпохі, калі турэмная адміністрацыя і ўлада з павагай ставілася да жыцця чалавека, да грамадскага меркавання, да абвінавачанняў на свой адрас… Савецкая ўлада, дый цяперашняя, ніякай вінаватасці сваёй ні ў чым не прызнае. Гэта абсалютна адмарожаная сістэма, у якой чалавека лёгка забіць, і ніхто за гэта не будзе адказваць».

Гэта Варшава, сквер Васіля Стуса, нараджэнца Вінніцкай вобласці Украіны. Адзін з найвыбітнейшых украінскіх паэтаў другой паловы 20-га стагоддзя загінуў у нечалавечых умовах, закатаваны турэмнай адміністрацыяй калоніі «Пермь-36».

55 гадоў таму Васіль Стус выступіў супраць палітычных арыштаў украінскай інтэлігенцыі, потым пісаў адкрытыя лісты з крытыкаю таталітарызму і аднаўлення культу асобы. Асуджаны за антысавецкую агітацыю і прапаганду, у лагеры абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць жорсткага абыходжання.

«Я быў з ім адзін час у суседніх раёнах у ссылцы. І мы перапісваліся. Ён быў вельмі разумны, сумленны чалавек гераічнага складу, я б сказаў. Вельмі цвёрды. І ён ім не саступаў ні ў чым», – прыгадвае Аляксандр Падрабінек.

Прызначаны дзяржавай адвакат, які дапамагаў пракурору пасадзіць Стуса ў турму, Віктар Медвядчук, меў сувязі ў КДБ і вёў іншыя палітычныя працэсы. Ён не панёс аніякай адказнасці, стаў украінскім бізнесоўцам і палітыкам, кумам Пуціна. І толькі сёлета Медвядчук трапіў пад дамашні арышт, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе і ваенных злачынствах – за ўдзел у расейскай гібрыднай агрэсіі.

«Не было люстрацыі, не было дэкамунізацыі. Людзі, якія рабілі злачынствы ў тыя часы, зрабілі палітычную карʼеру. Некаторыя і цяпер застаюцца пры ўладзе. Паглядзіце на прэзідэнта Расеі і ягонае атачэнне», – тлумачыць Аляксандр Падрабінек.

Люстрацыя былых спецслужбоўцаў адбылася ў краінах Балтыі ды ў Польшчы. Але спачатку нашыя заходнія суседзі стварылі рух «Салідарнасць» у 1980 годзе, перажылі паўтара года ваеннага становішча, рэпрэсіі ды палітычныя забойствы, а потым арганізавалі масавыя страйкі і новую хвалю дапамогі страйкоўцам.

«Перамога склалася з рашучасці грамадства, пераканання, што змены неабходныя; з вычэрпвання магчымасцяў уладаў. Бо аказалася, што на гумавых дубінках немагчыма ўтрымацца, гаспадарку не збудуеш без грамадскай энергіі, і раптам выяўляецца, што ўлада бяззбройная, хоць і мае зброю. А таксама са спрыяльнай міжнароднай сітуацыі».

Дзеячы польскай апазіцыі выйшлі з турмаў і пазней змаглі ўдзельнічаць у выбарах.

«Шаноўнае спадарства, 4-га чэрвеня 1989 года ў Польшчы закончыўся камунізм», – абвесціла тады па ТВ польская акторка Ёанна Шчэпкоўска.

Сённяшнія палітвязні таксама вернуцца дадому, перакананы Аляксандр Атрошчанкаў:

«Каб яны хутчэй выйшлі на волю, трэба абрынуць рэжым, зразумела. Калі больш лакальна, то гэта салідарнасць маральная, салідарнасць дзеяннямі. Гэта фінансавая дапамога семʼям і тым, хто працягвае барацьбу ў той ці іншай форме».

Аляксандр не пісаў просьбы аб памілаванні, але выйшаў на волю раней за тэрмін разам з іншымі палітзэкамі, як сам лічыць, толькі дзякуючы заходнім санкцыям.

Адна з галоўных праяваў салідарнасці з палітвязнямі – нагадваць усяму свету, што яны ёсць, што трэба дамагчыся іхнага вызвалення. А супраца з людаедскімі рэжымамі можа дорага каштаваць палітыкам дэмакратычных краінаў.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko, TASS / Victor Lisitsyn, Russian Look / Forum