Чэмпіёнка Беларусі па муай-тай ратавала катаваных на Акрэсціна


Нашая сённяшняя гераіня Ася – чэмпіёнка Беларусі па муай-тай. А таксама фельчарка хуткай дапамогі, дзе бездакорна адпрацавала 8 гадоў. Яе выкінулі са зборнай і звольнілі з працы. А ўсё праз тое, што дзяўчына паклала кветку на месца гібелі Тарайкоўскага. А таксама ратавала людзей на Акрэсціна ў пякучыя дні пратэстаў, у час самых жорсткіх разгонаў і катаванняў. І сама Ася адседзела ў турме. Ейны хлопец атрымаў 6 гадоў паводле крымінальнай справы, а сяброў пасадзілі на 18–20 гадоў.

Анастасія ў форме медыка хуткай дапамогі. Фота з Instagram

Аднак Ася – аптымістка, наколькі магчыма ў гэтай сітуацыі:

«У мяне ў цэлым, напэўна, любоў да людзей прачнулася, не зважаючы на маю працу, падчас ковіду. Вялікая колькасць валанцёрскіх арганізацыяў, узаемавыручка, дапамога. Я ведаю людзей, якія і знаёміліся, і самаарганізоўваліся падчас ковіду, потым гэта дапамагло ім падчас пратэстаў рабіць тое самае. Гэта значыць таксама працягваць дапамагаць людзям, толькі ўжо ў іншым кірунку».

Чалавек-садно і дапамога катаваным на Акрэсціна

«11-га жніўня я заступіла на змену. Значыць, гэта было ў ноч на 12-га. Недзе каля 5-й раніцы мы былі на Акрэсціна. Бо станцыі, якія абслугоўваюць Акрэсціна, не спраўляліся з плынню званкоў. Выбарачна выводзілі людзей. Як правіла, гэта былі людзі, якіх затрымалі 9-га. Я прасіла даць іх агледзець. Мне сказалі, як бы, даслоўна: «Там нікому нічога не баліць». І ў гэты момант характэрна недзе за гэтымі варотамі зачыненымі: «А-а-а-а-а!» Я кажу: «Мужыкі, калі ласка! Яны ж крычаць!» І я ўгаворвала. Я казала, што я не буду іх забіраць. Што я проста агледжу: мне трэба ведаць, у якім яны стане, зразумейце, гэта мая праца… Ніяк! Варотаў не адчынілі.

Частка людзей стаяла на каленях тварам да сцяны, з рукамі за галавой, нейкая частка стаяла проста ў самым куце, стаяла тварам да сцяны. І тых, якія стаялі на каленях, іх працягвалі біць. Прычым не спыніліся, калі мы пад’ехалі, што нас крышку шакавала. Там былі ці проста сінія пальцы з ударамі ці зламаныя пальцы адкрыта. Бо пераважна людзі закрываюцца вось так. І вось так. Гэта значыць, яны не падстаўляюць перадплечча. Яны падстаўляюць пальцы. І па іх жа і атрымліваюць. Чэрапна-мазгавыя траўмы. Нейкія пераломы, гематомы. Ступні. Ручыцы. Насы. Сківіцы. Такія траўмы…

Інтэрв’ю
«Падыходзілі людзі з паламанымі рукамі, прычым адразу з дзвюма». Расповед доктара, які прайшоў праз Акрэсціна
2020.08.20 15:11

У мяне пацыент быў – чалавек-садно. Ён увесь быў «дубовы». Тамака была такая падскурная эмфізема ўсюды, што ён проста ўжо быў цвёрды. Ён не даваў да сябе дакрануцца. Ён не даваў нічога зрабіць. Калі я спытала, ці магу я яго абязболіць, ён проста закаціў мне істэрыку. І ўсё… І я не дакранулася. Нам давялося адысці ад яго і проста не чапаць. Ён крычаў: «Не чапайце мяне, калі ласка! Што вы будзеце рабіць? Не трэба мяне калоць». Ён не даваў дакрануцца. І ён падняўся – я машынальна ўзяла яго пад локаць. Чалавек, прабыўшы на Акрэсціна некалькі дзён, апусціў галаву і паклаў рукі за спіну.

Гэта трэба жорстка дрэсураваць гвалтам, каб у чалавека такія паводзіны выпрацаваліся ў галаве, як нешта, што дасць яму выжыць», – згадвае Ася.

Пра звальненне

«Прыйшлі спісы, у якіх я была пасля затрымання. Бо да гэтага ў нас ніякіх праблемаў не было. Ні з чым. Спісы прыйшлі з загадам галоўнага доктара пазбавіцца ад пэўных людзей. З якой заўгодна прычыны», – распавядае гераіня.

Hавiны
З фельчаркай хуткай дапамогі Анастасіяй Калашнікавай не працягнулі кантракту
2021.07.01 15:37

Пра затрыманне

«Я паклала кветкі… Ну, не сказаць, каб на месца гібелі Тарайкоўскага. Побач з месцам гібелі Тарайкоўскага. Там, дзе быў мемарыял ягонай памяці. Я туды паклала кветкі і бачу, як характэрны мікрааўтобус рухаецца ў мой бок.

Яны пасадзілі мяне ў аўтобус. Я была там адна. І адвезлі мяне адразу ў РУУС. Там мяне «выкінулі». Без тлумачэнняў увогуле. Гэта значыць, вось яны з рук у рукі перадаюць. Яны аддаюць. Усе ўжо разумеюць, хто я і адкуль… Завялі ў кабінет. Там былі тры жанчыны. І мы вельмі доўга сядзелі ў кабінеце, амаль да вечара.

Кветкі на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, вуліца Пушкінская, Менск.
Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

Спачатку іх абурала вельмі моцна, што я не сяброўка Тарайкоўскага. Гэта значыць, каб прынесці кветкі і спачуваць ягонай сямʼі, на іхнае меркаванне, я павінна была мець зносіны стала, на сталай аснове з іхнаю сямʼёй. Я так мяркую, што яны спрабавалі пераканаць мяне ў тым, што ён нейкі «няварты» чалавек. Што ён мог быць і пʼяны, і яшчэ што-небудзь.

Таксама раззлаваліся на пытанне… Калі я спытала: «Нават калі ён быў пʼяны, гэта была нагода яго забіць? Вы лічыце, што гэта апраўдвае тое, што зрабілі?» Пачалі злавацца. І не адказвалі мне, натуральна. Нас завялі ў камеру ўнізе, каб ужо везці на Акрэсціна. На Акрэсціна нас катавалі, але мяне гэта ўжо не здзіўляла», – кажа Ася.

Гісторыі
«Ты дурніца». Як чэмпіёнку Беларусі па кікбоксінгу і муай-тай затрымалі і судзілі за кветку Тарайкоўскаму
2021.01.25 07:59

Пра пераезд у Польшчу

«Маім сябрам даюць па 20 гадоў. І тут пытанне ў тым, колькі дадуць мне.

Майму хлопцу далі шэсць: артыкул 293, частка другая – «Масавыя закалоты». Доказнаю базаю, што ён нешта рабіў, была ягоная тэлефонная размова. Там, дзе ён расказвае камусьці са знаёмых, што ён бачыў 9-га.

Цяпер ніяк не маю зносінаў з ім, бо лістоў не перадаюць. Наагул ніяк. Яму ўдаецца тэлефанаваць маці. Бо калі яго перавялі ў калонію, ён, натуральна, запісаў бацькоў, запісаў сябра. І запісаў мяне. Каб мець магчымасць тэлефанаваць, пісаць. Мяне і сябра выкраслілі адразу ж», – прыгадвае дзяўчына.

Анастасія з каханым.
Фота: асабісты архіў гераіні

«Мару, каб перастаць закатваць сабе істэрыкі»

У Асі ёсць вострыя патрэбы і мары:

«Першы пункт, які разглядала б як вельмі неабходны, – гэта рэпетытар па-польску. Бо вельмі хочацца трапіць у медыцыну тут. Гэта значыць, узяцца за мову і паспрабаваць за максімальна кароткі тэрмін выйсці на нейкі камунікатыўны ўзровень, добры для таго, каб хаця б пачаць працаваць. Я гатовая вучыцца. Але хацелася б, каб гэта было інтэнсіўна.

І наступны пункт, пра які я думала, – гэта псіхолаг. Цяпер я, калі шчыра, у такім стане, калі перыядычна, вось цяпер, іду варочаць горы. А папіла гарбаты – і зразумела, што я хачу легчы і маўчаць. То мяне разʼюшваюць людзі… Тады стараюся ні з кім не размаўляць у гэтыя моманты. Мне складана.

На шпацыры з сабакам.
Фота: «Беларус беларусу»

Мне пісала полька, чэмпіёнка Польшчы. Мы некалі вельмі даўно з ёй баксавалі. І вось цяпер яна даведалася, што я тут, і яна напісала, клікала мяне трэнавацца з імі. Проста прыйсці ў госці. Мне забаранілі выступаць на рэспубліцы. Гэта значыць, мяне ж выключылі са зборнай, з федэрацыі… Таксама пасля затрымання. І, адпаведна, я не магла прайсці адбору на Еўропу, на свет, кудысьці яшчэ. І я хадзіла трэнавацца. Гэта былі нейкія руцінныя дзеянні, звыклыя, якія мяне сцішвалі. Гэтак сама і тут. Але наконт выступаў я пакуль не думаю. Бо мне здаецца, я не гатовая», – дзеліцца гераіня.

Сваім характарам Ася – пераможца, змагар. Я разумею, што такому чалавеку вельмі складана прасіць пра дапамогу, нейкае спрыянне. І таму мы просім і за яе, і за ўсіх такіх, як яна: медыкаў, спартоўцаў, якія былі на нашым баку, ратавалі, абаранялі.

Анастасія на рынгу.
Фота: asjamahno / instagram

Калі сярод нашых гледачоў ёсць рэпетытар па польскай мове, які гатовы бескаштоўна займацца з Асяю, каб яна змагла знайсці працу тут, у Польшчы, калі ласка, напішыце нам. Калі вы псіхатэрапеўт альбо проста хочаце падтрымаць Асю ў няпросты час і падзякаваць за зробленае: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.