Тры рэчы для перамогі над Лукашэнкам. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Чым запомніцца 2021 год і якім будзе год 2022? Вынікі і прагнозы.

Ці ёсць шанцы ў Лукашэнкі вярнуцца да дыялогу?

Офіс Святланы Ціханоўскай апублікаваў вынікі сваёй працы ў 2021 годзе. Дэмакратычныя сілы цалкам пераключылі на сябе кантакты з Захадам. Дэ-факта сталі Міністэрствам замежных справаў Беларусі. Ці ёсць шанцы ў Лукашэнкі вярнуцца да дыялогу з Захадам? Чым яшчэ, акрамя міграцыйнага крызісу, Лукашэнка гатовы шантажаваць Еўропу? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Што адчувае Святлана Ціханоўская і як яна ўспрымае крытыку? Інтэрв’ю Аліны Коўшык

130 міжнародных выступаў і 559 інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ пра сітуацыю ў Беларусі. 360 сустрэчаў з палітыкамі, дыпламатамі і НДА. Пяцьдзясят краінаў не прызналі Лукашэнку прэзідэнтам, а сорак адна дзяржава ўвяла абмежаванні супраць рэжыму. Гэта асноўныя вынікі працы офісу Святланы Ціханоўскай на міжнароднай арэне. Часопіс «Foreign Policy» ўключыў беларускую лідарку ў топ-5 персонаў 2021 года. Чым Святлана Ціханоўская ганарыцца і што скажа на крытыку? У «Прасвеце» эксклюзіўнае інтэрвʼю асобай, якая змяніла беларускую палітыку і беларусаў.

Ці Лукашэнка з Пуціным граюць у адной камандзе?

Расея і Беларусь зрабілі «значны крок наперад» у развіцці Саюзнай дзяржавы ў 2021 годзе. Такую заяву зрабіў на гэтым тыдні прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Санкт-Пецярбурзе. У сваю чаргу, Лукашэнка папрасіў Пуціна не спыняць супрацы дзвюх краінаў у вайсковай сферы, у тым ліку супольных вучэнняў, і асабіста падзякаваў за падтрыманне Беларусі. За што ж сапраўды дзякаваў Лукашэнка Пуціну і чым запомніцца 2021 год у кантэксце беларуска-расейскіх адносінаў? Высвятляла Святлана Аўчарова.

Месца Беларусі ў агрэсіўнай рыторыцы Крамля. Што, калі заўтра вайна?

Хто б год таму сказаў, што Лукашэнка арганізуе гібрыдную атаку на Еўразвяз і будзе пагражаць Украіне вайной, а Крэмль, у сваю чаргу, выставіць НАТО ўльтыматум – не паверылі б. Але цяпер гэта – рэальнасць. Якія мэты пераследуе сваімі агрэсіўнымі дзеяннямі Масква, якую ролю грае ў гэтым Лукашэнка і ці сапраўды 2021 год можа стаць апошнім перадваенным? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: RITZAU SCANPIX / Reuters / Forum